Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Токіё зьявілася крама беларускіх цацак


Крама «Палесьсе» ў Токіё
Крама «Палесьсе» ў Токіё

Плястмасавыя цацкі кобрынскай кампаніі «Палесьсе» прадаюцца ў крамах у Токіё.

Карэспандэнту Свабоды паведамілі ў аддзеле маркетынгу прадпрыемства, што ў Токіё і аглямэрацыі ёсьць дзьве цацачныя крамы «Палесьсе», адкрытыя па франшызе.

«Японцы ў поўным захапленьні!»

Адну з такіх крамаў беларускіх цацак, якая працуе ў гандлёвым цэнтры «Вэнус Форт», наведаў Сяргей Казлоўскі, які распавёў пра гэта ў фэйсбуку.

«Дзіўна, але факт: у цэнтральным шопінг-моле Токіё ёсьць крама... кобрынскага заводу цацак „Палесьсе“. Японцы ад яе ў поўным захапленьні!»

«У Японіі самыя строгія патрабаваньні да якасьці цацак»

У беларускай кампаніі карэспандэнту Свабоды распавялі, што прадукцыю «Палесься» сёньня можна знайсьці больш чым у 60 краінах сьвету, на розных кантынэнтах.

«Мы актыўна ўдзельнічаем у міжнародных выставах. На адной зь іх быў заключаны кантракт на пастаўку нашай прадукцыі ў Японію. Цацкі фабрыкі „Палесьсе“ знаёмыя японскім спажыўцам з 2015 году», — сказалі ў «Палесьсі».

Што тычыцца якасьці, то беларускія цацкі адпавядаюць самым строгім стандартам.

«Папярэдне на ўсю прадукцыю, якая пастаўляецца ў Японію, быў атрыманы дадатковы сэртыфікат. Дарэчы, патрабаваньні, якія прад’яўляюцца да якасьці цацак з боку кантралюючых органаў Японіі, адны з самых строгіх у сьвеце».

Асартымэнт цацак у японскіх крамах такі самы, як і ў беларускіх. А якія аб’ёмы паставак?

«На гэты момант мы асвойваем рынак, паступова нарошчваючы абʼёмы. Мы прагназуем у кароткатэрміновым пэрыядзе павелічэньне абʼёмаў адгрузкі. Для продажу цацкі выкарыстоўваем розныя каналы распаўсюджваньня: сеткавая розьніца, інтэрнэт-гандаль, дзіцячыя садкі».

«Канкурэнцыя становіцца больш жорсткай»

Як «Палесьсе» канкуруе зь іншымі вытворцамі, чым беларуская цацка прываблівае японскіх дзяцей?

«Дзеці ва ўсім сьвеце любяць цікавую і новую для іх цацку, зьвяртаюць увагу на маляўнічасьць колеру і прывабнасьць упакоўкі. Бацькі аддаюць перавагу якаснай цаццы, якая дадаткова выконвае функцыю разьвіцьця. Цацка, якая вырабляецца намі, адпавядае гэтым чаканьням і карыстаецца стабільна добрым попытам», — сказалі ў кампаніі «Палесьсе».

Што да канкурэнцыі, то яна «становіцца больш жорсткай, патрабаваньні і чаканьні спажыўцоў таксама растуць з кожным годам», кажуць у кампаніі.

«Праца над прадстаўленьнем брэнда як на ўнутраным рынку, так і за мяжой патрабуе прыцягненьня новых інструмэнтаў. Мы прыкладаем шмат намаганьняў для таго, каб цацка, якая выпускаецца пад нашай гандлёвай маркай, пасьпяхова канкуравала і была запатрабаваная».

У кампаніі «Палесьсе» пакуль не атрымлівалі лістоў ад японскіх дзяцей ці іх бацькоў. Аднак партнэр прадпрыемства мае зваротную сувязь са спажыўцамі праз сацыяльныя сеткі.

«Тым самым мы апэратыўна рэагуем на ўсе пытаньні, і ў той жа час выключаецца абмежаваньне ў выглядзе моўнага барʼера».

Цацкі кобрынскага прадпрыемства «Палесьсе» на паліцы ЦУМа ў Менску
Цацкі кобрынскага прадпрыемства «Палесьсе» на паліцы ЦУМа ў Менску

Больш за 3000 найменьняў цацак

Сёньня асартымэнт кампаніі «Палесьсе» налічвае больш за 3000 найменьняў.

Прадпрыемства закупляе новае абсталяваньне і плянуе выкарыстоўваць тэхналёгіі, якія дагэтуль не былі асвоеныя.

У 2017 годзе «Палесьсе» пашырыла ліцэнзійную лінейку, дадаўшы ў яе брэнды Disney і Marvel. Сёньня ўжо запушчана больш за 200 тавараў пад гэтымі брэндамі: летнія наборы, гульнявыя комплексы, каталкі, машынкі, лягічныя цацкі.

«Спажыўцы досыць цёпла прынялі гэтыя пазыцыі, таму мы і ў будучыні будзем разьвіваць ліцэнзійную лінейку тавараў», — сказалі Свабодзе на кобрынскім прадпрыемстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG