Сын генпракурора Расеі Юрыя Чайкі і прэзыдэнт Міжнароднага кангрэсу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Арцём Чайка прызначаны намесьнікам старшыні эканамічнай рады ў амбасадзе Расеі ў Беларусі.
Ён будзе працаваць разам зь нядаўна прызначаным амбасадарам Міхаілам Бабічам. Такую інфармацыю паведамляе сайт Міжнароднага кангрэсу.
Гэтая рада створаная, каб забясьпечваць адзіную зьнешнепалітычную лінію Расеі ў гандлёва-эканамічных стасунках зь Беларусьсю.
Паведамляецца, што паседжаньні рады будуць праходзіць двойчы на год. Сын расейскага генпракурора Арцём Чайка — прадпрымальнік, юрыст па адукацыі.
Паводле расьсьледаваньня расейскага «Фонду барацьбы з карупцыяй», ён валодае актывамі ў прамысловасьці і аб’ектамі камэрцыйнай нерухомасьці.
Міністэрства фінансаў ЗША ў сьнежні 2017 году ўнесла Арцёма Чайку ў санкцыйны «сьпіс Магніцкага», бо ён «выкарыстаў службовае становішча свайго бацькі для атрыманьня дзяржаўных кантрактаў і аказаньня ціску на канкурэнтаў».
Яго бацька, генэральны пракурор Расеі Юры Чайка, стаў героем расьсьледаваньня «Фонду барацьбы з карупцыяй», якое легла ў аснову фільму «Чайка». У ім гаворыцца, што яго сын валодае вялікім гатэлем у Грэцыі, домам у Швайцарыі, і што ён бэнэфіцыяр найбуйнейшага вытворцы солі ў Сыбіры.