Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паставім парнік». Як аўтары зьбіраюцца рамантаваць мэмарыяльны знак у Курапатах


Сьледчы камітэт не прыняў матэрыялы аб пашкоджаньні мэмарыяльнага знаку ў Курапатах.

Як паведамілі Свабодзе ў аддзеле Сьледчага камітэту Менскага раёну, матэрыялы пра пашкоджаньне мэмарыяльнага знаку ў Курапатах не прынятыя і вернутыя ў орган дазнаньня для дадатковай праверкі.

«Для дасьледаваньня шэрагу пытаньняў, якія ёсьць прынцыповымі ці галоўнымі падчас вырашэньня пытаньня аб завядзеньні крымінальнай справы», — паведаміў супрацоўнік СК.

На памятным знаку ў Курапатах, пастаўленым на замову Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, невядомыя надрапалі зоркі Давіда. Пра гэта стала вядома 18 верасьня. Пазьней у Курапаты для праверкі выехаў нарад міліцыі з Бараўлянаў.

Мэмарыяльны знак «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя» ўстанавілі сёлета ў лістападзе. 14 лістапада прайшла працэдура прыёмкі.

Як будуць рамантаваць

Скульптар Сяргей Аганаў паведаміў Свабодзе, што плян рамонтных работ ужо абмяркоўваецца, магчымыя два варыянты.

Сяргей Аганаў
Сяргей Аганаў

«Праца будзе немалая. Вось зараз быў у скульптурным камбінаце і мы абмяркоўвалі, як гэта будзем рабіць. Праблема ў тым, што драпіны дастаткова глыбокія, таму проста пафарбаваць, магчыма, будзе недастаткова. Давядзецца зашліфоўваць пашкоджаныя месцы, а потым зноў наносіць адмысловы састаў, якім пакрыты ўвесь помнік.

Але складанасьць у тым, што цяпер зіма, мінусавая тэмпэратуры, а для нанясеньня саставу патрэбен плюс, бо ён мусіць высыхаць. Таму, магчыма, давядзецца рабіць вакол знаку парнік, каб там былі ўмовы для высыханьня, завозіць туды цеплавую гармату і працаваць. Добры кавалак працы. Таму спачатку ўсё ж паспрабуем абысьціся мінімальнымі работамі, зафарбоўкай, але калі не атрымаецца, тады вось так», — сказаў Свабодзе Сяргей Аганаў.

Дата адкрыцьця мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, паводле Аганава, яшчэ невядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG