У Менскім гарадзкім палацы культуры пачалі ладзіць вечарыны «Для тых, каму за». Свабода даведалася, як адпачываюць людзі старэйшага веку і чаго ім не хапае.
«Мы вечна маладыя»
Вечар нядзелі. Менск, вуліца Маякоўскага, 129.
Непадалёк ад Лошыцкага парку па гэтым адрасе — Менскі гарадзкі палац культуры. У 2007 годзе былы Палац культуры камвольнага камбінату перадалі гораду. Рэканструкцыя цягнулася амаль 11 гадоў. Будаўнічыя работы перапыняліся, тэрміны здачы пераносіліся. Урэшце ў траўні 2018 году Палац культуры адкрылі, цяпер зь беларускім арнамэнтам на фасадзе.
У сярэдзіне лістапада ў палацы пачалі ладзіць вечары адпачынку. У фае гучна грае запіс Юрыя Шатунова. У велізарным холе — ён жа і танцпляцоўка — пакуль толькі 7 чалавек.
Адна зь першых наведніц імпрэзы Натальля распавядае, што ходзіць танцаваць ужо дзесяць гадоў. Летам зь сяброўкамі — на пляцоўку ў парку Чалюскінцаў, а ўзімку — у Палац культуры: трактарнага заводу або чыгуначнікаў.
«Для нас гэта ўжо як спорт. Мы ходзім, каб разьмяцца. Сюды прыйшлі ўпершыню», — кажа Натальля. Свайго ўзросту яна не называе: маўляў, «мы вечна маладыя».
Звычайны ўзрост наведнікаў вечарыны — ад 50 да 70 гадоў. Супрацоўніца гардэробу кажа: калі б на афішы пазначылі «ад 40 гадоў», а не «ад 50», то пацягнуліся б і маладзейшыя.
«Пры нашай пэнсіі такія вечарыны — страшна дорага»
Уваход каштуе 5 рублёў. Тамара і Анатоль лічаць, што ня ўсе пэнсіянэры могуць плаціць такія грошы.
«На танцы мы ходзім пэрыядычна. Аднак пры нашай пэнсіі часта хадзіць на падобныя імпрэзы — страшна дорага. У Палацы культуры на Трактарным заводзе ўваход на танцы — 6 рублёў. На адкрытай пляцоўцы ў парку Чалюскінцаў — паўтара рубля. Улетку можна было хадзіць часьцей, вечарыны праходзілі ледзь не да кастрычніка», — кажа Анатоль.
Музычны рэпэртуар немудрагелісты: у асноўным гучаць гіты 90-х і расейская папса. Дыджэй Віктар Лазоўскі раней працаваў на вечарынах у ДК «МАЗ», а цяпер падпрацоўвае на падобных імпрэзах і карпаратывах.
«Людзі старэйшага веку настальгуюць па 80-х і 90-х. Таму я часта стаўлю гіты гурту „Ласковый май“, Ігара Нікалаева, Натальлі Вятліцкай. Апошнім часам замаўляюць песьні Аляксандра Саладухі. Зь беларускай музыкі мала чаго стаўлю, напрыклад, „Польку беларускую“ „Сяброў“ і песьні ансамбля народнай музыкі „Бяседа“. Часам заходзіць на ўра», — кажа дыджэй.
«Не хапае буфэту»
Месцаў у Менску, дзе можна адпачыць людзям старэйшага веку, няшмат: Лядовы палац, Палац культуры чыгуначнікаў на Чкалава, Палац культуры Менскага трактарнага заводу і новы Палац культуры на Маякоўскага.
Натальля і Мікалай згодныя, што ўваход на такія мерапрыемствы павінен быць бясплатны.
«Мы старажылы і даўно наведваем такія імпрэзы. Здаецца, 5 рублёў — даступны кошт, але пэнсія малая, часта ня будзеш хадзіць. Калі ёсьць недарагія квіткі, ідзем на канцэрты», — кажа Мікалай.
На думку Натальлі, такія вечарыны лепей ладзіць у суботу, а не ў нядзелю, бо шмат каму трэба ў панядзелак на працу.
«Нам тут вельмі падабаецца, праўда, не хапае буфэту», — дадае Натальля.
Шмат самотных людзей прыходзяць знаёміцца
Шмат наведнікаў прыходзяць паасобку. Дыджэй дае шмат павольных танцаў. Жанчыны запрашаюць мужчын, мужчыны запрашаюць жанчын, жанчыны запрашаюць жанчын.
«Шмат самотных людзей прыходзяць знаёміцца. У мяне, напрыклад, даўно памёр муж. Дзеці параілі схадзіць разьвеяцца ў тэатар або на танцы», — кажа жанчына, якая просіць не называць яе імя і адмаўляецца фатаграфавацца. «Я працую ў выканкаме. Мне нельга сьвяціцца», — тлумачыць яна.
Агулам на вечарыну прыйшло дзевятнаццаць чалавек. На думку жыхаркі Менску Людмілы, гэта вельмі мала.
«Ведала б, ня ехала б у такую далеч з трыма перасадкамі аж зь Серабранкі. Думаю, трэба больш рэклямаваць такія імпрэзы», — кажа Людміла.
Вечарыны адпачынку адновяць з 15 студзеня
Пакуль вечарыны адпачынку прыпыніліся. Дырэктар Палаца культуры Мікалай Казюлін патлумачыў Свабодзе, чаму іх прыпынілі і калі плянуюць аднавіць.
«У холе праходзяць навагоднія спэктаклі. У нас няма асобнай танцавальнай залі, каб праводзіць такія праграмы. Таму вечарыны для старэйшых людзей мы пакуль не праводзім», — кажа Казюлін.
Танцы плянуецца аднавіць у новым годзе з 15 студзеня. Запрашаюць усіх ахвотных.