Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня «супраць», а «за». Чаму нідэрляндзкі аніматар стаў рабіць ролікі пра беларускіх праваабаронцаў


Зьлева направа: Вольга Неснава, Ян Паўль Дубэльман, Міна Стаянавіч
Зьлева направа: Вольга Неснава, Ян Паўль Дубэльман, Міна Стаянавіч

Ян Паўль Дубэльман пасьпяхова рабіў рэклямныя відэаролікі для буйных кампаній у родных Нідэрляндах. Але два гады таму ён зразумеў, што хоча заняцца больш сацыяльнымі справамі. Мужчына стварыў праект Clear і ў межах яго робіць анімацыйныя ролікі пра беларускія праваабарончыя арганізацыі. Пра тое, як анімацыя можа зьмяніць сьвет, — у артыкуле Свабоды.

Ад працы ў бізнэсе да беларускіх НДА

Трыццацігадовы Ян Паўль Дубэльман (Yan Paul Dubbelman) пачаў ствараць відэа яшчэ ў родным горадзе Арнэме. Потым працаваў у камэрцыйных праектах і супрацоўнічаў з Домам Анны Франк — музэем і праваабарончай арганізацыяй у Амстэрдаме.

Ян Паўль Дубэльман
Ян Паўль Дубэльман

«Я праводзіў сэмінар, які называўся „Прагулка памяці“: вучыў студыі рабіць дакумэнтальныя фільмы пра манумэнты. Праз гэтую працу я наведаў розныя краіны і зразумеў, што паўсюль была адна і тая ж праблема. Існуюць вельмі добрыя недзяржаўныя арганізацыі (НДА), пра якія ніхто не ведае, апроч іх калег і сяброў», — кажа Свабодзе Ян Паўль.

Ідэя расказаць пра іх шырэйшай аўдыторыі захапіла аніматара, і для яе рэалізацыі хлопец выправіўся на вучобу ў Бэрлін. Там ён займаўся вывучэньнем стварэньня відэа для НДА больш грунтоўна. Пасьля заканчэньня стажу ў 2016 годзе яшчэ год пайшоў на асэнсоўваньне праекту і пошук грошай.

Ягоны праект падтрымала і дапамагла канчаткова аформіць амбасада Нідэрляндаў у Польшчы.

Ролік для беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta:

Падчас адной зь першых размоў з супрацоўнікамі амбасады Ян Паўль запытаў, ці ёсьць праблемы з правамі чалавека ў Польшчы. «Не, але мы стараемся зрабіць больш бачнымі праекты, якія мы падтрымліваем у Беларусі», — адказалі яму.

«Я не выбіраў Беларусь адмыслова, але мне вельмі спадабалася тутэйшая культура. Беларусь шмат чым падобная да Нідэрляндаў. Але ёсьць і розьніца, якая робіць працу больш цікавай».

Як выбіраліся арганізацыі

Першапачатковы сьпіс складаўся з васьмі праваабарончых арганізацый. Спэцыфіка працы некаторых зь іх была для нідэрляндцаў вельмі нязвыклай: напрыклад, тэма сьмяротнага пакараньня, зь якой працуе «Вясна».

«Я не хацеў прыходзіць са сваім галяндзкім тварам і казаць: „А вось што я думаю пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі“. Таму вырашыў, што першыя відэа зраблю для арганізацый, чые тэмы я лепей разумею».

Ролік пра Офіс правоў людзей з інваліднасьцю:

Галоўны крытэр — дзейнасьць НДА і яе энэргетыка. Напрыклад, падчас размовы зь Сяргеем Драздоўскім з Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Ян Паўль пабачыў столькі натхненьня, што адразу захацеў зрабіць пра іх анімацыйны фільм. Паводле яго, мастакам прасьцей працаваць, калі ёсьць шмат эмоцый.

«Арганізацыі былі для нас ня проста натхненьнем. Мы мусілі пераўтварыць іхны голас і ідэі ў нешта візуальнае», — тлумачыць Ян Пол.

Інтэрнацыянальная каманда

Clear — інтэрнацыянальны праект: палова — зь Нідэрляндаў, палова — беларусы. За анімацыю ў роліку пра Офіс правоў людзей з інваліднасьцю адказвала нідэрляндзкая графічная дызайнэрка Міна Стаянавіч (Mina Stojanovic). Да гэтага праекту яна ніколі не працавала з сацыяльнай тэматыкай і не была ў Беларусі.

Вольга Неснава, Міна Стаянавіч, Ян Паўль Дубэльман (зьлева направа)
Вольга Неснава, Міна Стаянавіч, Ян Паўль Дубэльман (зьлева направа)

Беларуска Вольга Неснава стварала ілюстрацыі да відэароліка, Паліна Лахманенка і Вольга Грыцук пісалі сцэнар, Дзяніс Барадзіч працаваў над гукам.

«Працаваць зь людзьмі з розных культур — гэта яшчэ больш абмеркаваньняў і дыскусій. Але гэта было неабходна, бо так мы здолелі знайсьці большае разуменьне і тэмы, і адно аднаго, — кажа Міна Стаянавіч. — У Беларусі людзі імкнуцца дакапацца да сутнасьці. У Нідэрляндах мы часам больш хуткія, адразу кажам: „О’кей, давайце рабіць!“. Мне падабаецца беларускі падыход: спачатку зразумей, а потым рабі. І ў гэткай камбінацыі я бачу моц».

Як анімацыя зьменіць сьвет?

«Перад пачаткам праекту ў маёй галаве круцілася фраза: «На сьвеце так шмат зроблена добрага, але мы яшчэ ня бачылі гэтага, — кажа Ян Пол. — Ёсьць розьніца паміж НДА і камэрцыйным сьветам, якія часта не разумеюць адно аднаго. Але я хачу паказаць, што насамрэч яны бліжэй, чым вы думаеце».

Відэа, якія стварае Clear, не працуюць «супраць» чагосьці, а толькі «за», кажуць стваральнікі. А анімацыйная форма выбрана, каб прыцягнуць увагу гледачоў.

«Анімацыя — гэта вельмі інтэрнацыянальны шлях камунікацыі. Праз анімацыю людзі могуць вызваляць свае эмоцыі, — кажа Міна Стаянавіч. — Ствараючы анімацыю, у цябе больш кантролю над перадачай ідэяў. Ты можаш выбіраць розныя тэхнікі, стылі, камбінаваць, ствараць калажы».

На думку Вольгі Неснавай, сучаснае спажывецкае грамадзтва не гатовае марнаваць час на праблемы. Людзі проста прагортваюць стужкі сацыяльных мэдыя. А малюнак ці ілюстрацыя, што ажылі, могуць выклікаць рэакцыю і натхніць чалавека больш даведацца пра нейкую праблему.

Зьлева направа: Вольга Неснава, Міна Стаянавіч, Ян Паўль Дубэльман
Зьлева направа: Вольга Неснава, Міна Стаянавіч, Ян Паўль Дубэльман

Беларускія НДА — «для моцных людзей»

«Звычайна ўсё, што нідэрляндцы ведаюць пра Беларусь — гэта дыктатура. Я быў у Беларусі ня раз, але гэтага тут яшчэ не пабачыў. Жыцьцё тут сапраўды больш стрэсавае, чым у нас. Але, мне здаецца, больш з прычыны эканамічнай сытуацыі», — кажа Ян Паўль.

Дука наконт беларускіх НДА ў нідэрляндца дакладная: праца ў гэтай галіне падыдзе ня кожнаму.

«Беларускія НДА робяць вельмі важную працу, але пра іх ня так шмат ведаюць. Апроч іх кліентаў і сяброў. У іх ня вельмі атрымліваецца выяўляць сябе ў сьвеце сучасных камунікацый. Мне здаецца, што яны баяцца пачуць ня толькі крытыку, але і камплімэнты. Аднак калі навакольле ня вельмі зацікаўленае ў працы, якую ты робіш, гэта дакладна нагода апусьціць рукі. Я думаю, беларускія НДА — для моцных людзей», — дадае Ян Паўль Дубэльман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG