Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хочам зьняць пятлю». Прадпрымальнікі сабралі амаль 7 тысячаў подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Пра гэта было заяўлена на форуме, зладжаным грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва».

Індывідуальныя прадпрымальнікі па-ранейшаму патрабуюць спрасьціць умовы працы, аднак, паводле іх, улады пакуль не прымаюць ніякіх мераў, а толькі пішуць адпіскі. Прадпрымальнікі маюць намер дамагацца сустрэчы з прэзыдэнтам, паведамляе TUT.BY.

Карэспандэнт парталу пабываў на выніковым сёлета форуме, дзе ІП аналізавалі вынікі працы ў гэтым годзе і ацанілі свае пэрспэктывы на наступны год.

«У мяне цярпеньня шмат, а ў народу няма. І як гэта ўсё скончыцца — невядома, — гаварыў са сцэны старшыня грамадзкага абʼяднаньня „Пэрспэктыва“ Анатоль Шумчанка на чарговым форуме прадпрымальнікаў. — Мы хочам зьняць пятлю».

Цяперашні форум прадпрымальнікаў ужо трэці ў гэтым годзе. На яго прыехала больш за 230 «іпэшнікаў» з 23 гарадоў.

З чыноўнікаў прыйшлі тыя, хто традыцыйна наведвае форумы ІП — прадстаўнікі мінэканомікі, антыманапольнага міністэрства і Дзяржстандарту. На сустрэчы з прадпрымальнікамі таксама былі прадстаўнікі амбасады Расеі. Міністэрства фінансаў і працы запрашэньне на мерапрыемства ў чарговы раз праігнаравалі.

У пачатку форуму Анатоль Шумчанка прывёў некаторыя лічбы, якія тычацца прадпрымальнікаў, якія займаюцца гандлем ураздроб.

Пратэст дробных прадпрымальнікаў ля дома ўраду, Менск, сакавік 2016
Пратэст дробных прадпрымальнікаў ля дома ўраду, Менск, сакавік 2016

Колькасьць такіх ІП з 2011 году па пачатак 2017 году зьменшылася больш чым на 28% — агучыў статыстыку Шумчанка — Гэта значыць з гэтай сфэры сышло звыш 27 тысячаў чалавек. Па нашых прагнозах, у 2028 году ІП гандлю ўраздроб зьнікнуць як кляса — заявіў старшыня «Пэрспэктывы».

Паводле яго слоў, за апошнія гады прыкметна зьнізіліся даходы прадпрымальнікаў.

— Выручка ў 2014-2016 гадах зьнізілася больш чым на 673 мільёнаў даляраў. Паступленьні ў бюджэт у 2011 годзе склалі амаль 125 мільёнаў даляраў. У 2017 годзе — прыкладна 69,4 мільёны — сказаў лідэр «Пэрспэктывы». — Але нават гэтыя лічбы не зьяўляюцца пераканаўчым аргумэнтам для ўраду, каб унесьці зьмены ў заканадаўства. Напрошваецца выснова аб наўмысных дзеяньнях, накіраваных на зьнішчэньне гэтага сэктару эканомікі. Таму прадпрымальнікі перасталі верыць пустым абяцаньням і чакаюць рэальных крокаў ад выканаўчай улады.

Дробныя прадпрымальнікі лічаць, што для іх эфэктыўнай працы трэба вырашыць некалькі важных пытаньняў.

ІП просяць увесьці мараторый на прадастаўленьне поўнага пакету дакумэнтаў, што неабходна па ўказе № 222. Прадпрымальнікі хочуць, каб з іх зьнялі адказнасьць па ўвезеных да цяперашняга часу таварах з Расеі.

Прадпрымальнікі перакананыя, што трэба арганізаваць дакумэнтаабарот ІП гандлю ўраздроб з улікам немагчымасьці прадастаўлення некаторых патрэбных дакумэнтаў. Прычына ў адрозьненьнях у заканадаўстве Беларусі і Расеі. А менавіта з Расеі многія прадпрымальнікі возяць тавар.

Анатоль Шумчанка сказаў, што добра было б урэгуляваць усе пытаньні з дакумэнтамі на тавар на міждзяржаўным узроўні, а потым ужо патрабаваць паперы з прадпрымальнікаў.

ІП таксама просяць стварыць альтэрнатыўную сыстэму падаткаабкладаньня на аснове патэнту на гандаль.

На думку іпэшнікаў, трэба перагледзець заканадаўства, якое рэгулюе іх дзейнасьць з улікам асаблівасьцяў працы малога прадпрымальніцтва. ІП прапануюць дапрацаваць праграмы разьвіцьця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з улікам захаваньня інтарэсаў ІП, а не толькі буйнога і сярэдняга бізнэсу, як гэта зроблена ў Дырэктыве № 7.

Як будуць вырашаць пытаньне з азіяцкімі крамамі

Закранулі на форуме і пытаньні, якія тычацца азіяцкіх крамаў. Сёньня ў розных беларускіх гарадах працуе каля 160 такіх абʼектаў, якія належаць 85 субʼектам гаспадараньня. Маніторынг паказвае, што амаль у кожным з такіх гандлёвых абʼектаў ёсьць парушэньні альбо іх прыкметы, якія носяць сыстэмны характар. Гэта парушэньні тэхрэглямэнтаў, парушэньні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў, парушэньні касавай дысцыпліны і іншыя.

Рынак Паўднёвы ў Горадні, 2017
Рынак Паўднёвы ў Горадні, 2017

Браць ўзоры тавару на дасьледаваньне або патрабаваць дакумэнты на тавар у гэтых прадаўцоў правяраючыя ведамствы ня могуць на працягу двух гадоў — гэта паводле ўказу № 510. А гэтыя крамы часьцей за ўсё былі зарэгістраваныя менш за два гады таму.

Антыманапольнае міністэрства плянавала ўнесьці прапанову скарэктаваць гэты тэрмін, каб можна было апэратыўна рэагаваць на парушэньні ў азіяцкіх крамах.

— Прапанову аб адмене двухгадовага мараторыя на праверкі не падтрымалі — распавёў начальнік аналітычнага ўпраўленьня антыманапольнага міністэрства Павал Філіпаў. — Мы праверылі крамы, якія гандлююць таварамі па нізкіх коштах. Было некалькі этапаў маніторынгаў. У бягучым годзе мы праверылі больш за 50 субʼектаў гандлю, якія рэалізуюць тавары па нізкіх коштах. Яны належаць 40 субʼектам гаспадараньня. Гэта амаль 50% ад усіх субʼектаў гаспадараньня. Ва ўсіх былі выяўленыя парушэньні заканадаўства. Працягнем гэтую працу ў сьнежні. У студзені будзем уносіць прапановы зыходзячы з вынікаў праверак аб адмене двухгадовага мараторыя на праверкі. Пакуль яго не падтрымалі. Адна з прычын — адмена будзе распаўсюджвацца не толькі на азіяцкія крамы, але і на добрасумленных прадаўцоў.

На гэта прысутныя ў зале іпэшнікі адказалі, што іх і так увесь час правяраюць.

Прадпрымальнікі наступны год чакаюць без аптымізму.

— 2019 год, магчыма, будзе выпрабаваньнем для прадпрымальнікаў з прычыны таго, што могуць пачацца праверкі, таго, што можа зьявіцца новы рэгулюючы закон ЭАЭС. Вядома, настрой у нас не навагодні. Яшчэ і па прычыне таго, што гандаль слабы, грошай у людзей мала, — адзначыў Анатоль Шумчанка.

«Пэрспэктыва» прыняла зварот да прэзыдэнта з просьбай арганізаваць сустрэчу з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца гандлем ураздроб.

Пад зваротам падпісалася 6628 прадпрымальнікаў з розных гарадоў. Больш за ўсё — 1811 подпісаў, сабралі ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG