Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далікатны пратэст: як і навошта ў Менску вышывалі смочкі. ФОТА


Пятнаццаць чалавек сабраліся ў Менску да дасьледчыцы і куратаркі Сафіі Такар на заняткі «Вызваліце смочкі», зладжаныя гендэрным праектам Makeout.

Вышыўка як далікатны пратэст

«Гэта ня ўрок працы ў школе. Тут няма ідэальнага выніку», — кажа Сафія ўдзельніцам варштату, якія старанна вышываюць смочкі на цішотках.

Сафія Такар вывучае гісторыю мастацтваў у Празе, а ў вольны час прысьвячае сябе крафтывізму.

Cафія Такар
Cафія Такар

Крафтывізм (крафтавы актывізм) — гэта перш за ўсё палітычная заява, а рукадзельная тэхніка — спосаб яе выказаць і данесьці да аўдыторыі. Ідэя ў тым, каб рабіць вышыўку ці вязаньне часткай вулічнага мастацтва і грамадзкага пратэсту.

«Доўгі час вышыўка асацыявалася з пакорай і традыцыяй, лічылася пераважна жаночым заняткам. Сёньня вышыўка вызваленая ад большасьці забабонаў і займае сваё месца ў гісторыі мастацтваў нароўні з жывапісам і архітэктурай. Мастачкі-фэміністкі далі гэтай тэхніцы новы пратэставы сэнс, які дазволіў ім гаварыць на важныя грамадзкія і палітычныя тэмы. Сёньня на варштаце мы вышываем смочкі», — кажа Сафія.

Сафія нарадзілася ў Прыднястроўі, вырасла ў Кішынёве. У 19 гадоў яна вырашыла вывучаць гісторыю мастацтваў і паступіла на гэтую спэцыяльнасьць у Карлаў унівэрсытэт у Празе.

«У галоўным парку Кішынёва на Алеі Клясыкаў стаяць бюсты выключна выбітных мужчын. Там няма ніводнай жанчыны. У знак пратэсту малдоўскія актывісткі зрабілі пастамэнты выбітных пісьменьніц, паэтак, журналістак з кардону і ўсталявалі на Алеі. Я вышыла на румынскай мове выраз Вірджыніі Вульф: „На працягу большай часткі гісторыі ананімам была жанчына“», — распавядае Сафія пра свой удзел у фэміністычным руху Малдовы.

«Я вышываю смочкі, таму што гэта прыгожа»

«Да таго як жанчыны атрымалі права голасу, вязальныя тусоўкі былі добрым прыкрыцьцём для самаарганізацыі, каб выйсьці з дому і абмеркаваць набалелае. У вышытых смочках ёсьць выразны пасыл: маё цела — мая справа. Смочку можна расцэньваць як індыкатар стаўленьня грамадзтва да жаночага голага цела і да сэксуальнасьці наогул», — тлумачыць дасьледчыца.

«Я вышываю смочкі, таму што гэта прыгожа. Уяўляеш, як будзе летам? Менскія дзяўчаты выйдуць на вуліцу ў аднолькавых цішотках, — адказвае Жэня на пытаньне, чаму вырашыла прыйсьці на варштат.

«А я вышываю вочы, — паказвае сваю працу Ніка. — Калі я вышыю смочкі на сваёй цішотцы, то наўрад ці надзену яе куды-небудзь. Я ня ведаю, як адказваць людзям на іх агрэсію. Калі б я вышыла ўсё-ткі смочкі, то чакала б моманту, калі ў мяне зьявяцца сілы надзець такую цішотку. Навокал і так занадта шмат агрэсіі».

Удзельніцы варштату па вышыўцы «Вызваліце смочкі».
Удзельніцы варштату па вышыўцы «Вызваліце смочкі».

«Не хачу быць патэнтам»

Ідэя варштату ў Менску зьявілася, калі сузаснавальніца праекту Makeout Віка Біран пазнаёмілася з Сафіяй і пабачыла на ёй цішотку са смочкамі. Тады выявілася, што Сафія праводзіць варштаты па вышыўцы, і Віка запрасіла яе ў Менск.

Удзельніцы гендэрнага праекту Makeout Віка Біран (зьлева) і Даша Рамановіч.
Удзельніцы гендэрнага праекту Makeout Віка Біран (зьлева) і Даша Рамановіч.

«Да Makeout часта ёсьць запыт, каб людзі прадавалі якія-небудзь модныя сумкі, цішоткі, налепкі з фэміністычнымі лёзунгамі. Мы адмаўляемся ад гэтага, бо гэта гісторыя пра спажываньне і капіталізм. Доступ да гэтых рэчаў будзе не ўва ўсіх. Я за варштаты пра тое, як самастойна рабіць цішоткі і сумкі, а не пра тое, як зарабіць больш, каб усё гэта купіць», — кажа Віка Біран. ​Галоўная ідэя — зрабіць рэч сваімі рукамі. Памер, колер, тэкстура могуць быць якія заўгодна. Ня трэба аніякіх звышздольнасьцяў — кожная робіць так, як умее.

«Я магла б рабіць і прадаваць такія цішоткі, але я не хачу быць патэнтам, я хачу навучыць людзей рабіць крутыя рэчы», — кажа Сафія.​

Крафтактывізм — гэта яшчэ і пра экалёгію. Арганізатаркі прапануюць не купляць новую цішотку, а прынесьці старую. Кожная новая футболка — гэта нечая нізкааплатная праца і велізарная колькасьць спажытай вады.

«За тры гады мы выпіваем столькі вады, колькі трэба для вырабу адной футболкі. Важна задумвацца пра кожную дэталь», — кажа Сафія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG