30 лістапада праваабарончая супольнасьць Беларусі вызначыла шорт-ліст штогадовай Нацыянальнай прэміі за дасягненьні ў галіне правоў чалавека.
У намінацыі «Праваабаронца году» прэмію атрымалі:
- Вольга Смалянка, Цэнтар прававой трансфармацыі;
- Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, Незалежны прафсаюз РЭП.
На прэмію была намінаваная праваабаронца Наста Лойка з Human Constanta.
«Журналістам году» стала галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.
У шорт-лісьце было трое журналістаў: фігуранткі так званай «справы БелТА» Тацяна Каравянкова і Ірына Леўшына зь БелаПАН, а таксама Аляксандар Тамковіч, журналіст «Свабодных навінаў».
Найлепшай «Праваабарончай кампаніяй/ініцыятывай году» сталі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».
На прэмію таксама прэтэндавала кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.
Уганараваньне прэміямі адбылося на новай публічнай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў». Сярод гасьцей — павераная ў справах у ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідье Канэс, замежныя дыпляматы, праваабаронцы.
Праваабарончая прэмія за дасягненьні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам». За гады з моманту заснаваньня прэмія пашырылася. Цяпер беларуская праваабарончая супольнасьць штогод адзначае ёю найлепшага праваабаронцу, журналіста, адваката (да 2015 г.), і ўпершыню ў 2016 г. — найлепшую праваабарончую кампанію ці ініцыятыву.
У розныя гады прэмію атрымлівалі журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Алена Панкратава і Галіна Абакунчык.