Прэзыдэнт Францыі Эмануюль Макрон у пачатку тыдня выступіць са зваротам да грамадзян краіны з прычыны маштабных пратэстаў, якія не сьціхаюць ужо некалькі тыдняў. Пра гэта заявіў прадстаўнік францускага ўраду, паведамляе агенцтва Reuters.
Паводле агенцтва France-Presse, зварот заплянаваны на вечар панядзелка, 10 сьнежня.
Крыніцы агенцтвы паведамілі, што сёньня раніцай Макрон сустрэнецца з прадстаўнікамі прафсаюзаў і працадаўцаў, а таксама мясцовымі ўладамі, каб абмеркаваць сытуацыю.
8 сьнежня ў Францыі адбыліся новыя сутычкі з шматлікімі ўдзельнікамі 125-тысячнага пратэсту так званага руху «жоўтых камізэлек». Больш за 130 чалавек атрымалі траўмы.
Паліцыя заявіла, што затрымала 1385 удзельнікаў акцыі. Як паведамляецца, яна выкарыстала сьлезацечны газ, каб заблякаваць марш да прэзыдэнцкага палаца ў Парыжы.
Ключавыя турыстычныя месцы францускай сталіцы, уключаючы Эйфэлеву вежу і Люўр, былі зачыненыя.
Пратэсты так званых «жоўтых камізэлек» у Францыі працягваюцца ўжо трэці тыдзень. Яны пачаліся з патрабаваньня да ўлады адмовіцца ад павелічэньня падаткаў на аўтамабільнае паліва.