Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне з Салжаніцыным


Аляксандар Салжаніцын
Аляксандар Салжаніцын

Моладзь 1970-80-х называла яго проста «Солж». Тады быў драйв: выгнаньне пісьменьніка з СССР, Нобэлеўская прэмія, забароненыя кнігі — хацелася ўспрымаць яго ў дошку сваім. Як Джагера, напрыклад. А сёньня яму спаўняецца сто, і ў мяне такое пачуцьцё, што прысутнічаю на ягоным пахаваньні.

Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў над труной Аляксандра Салжаніцына, 2008
Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў над труной Аляксандра Салжаніцына, 2008

Я ніколі ня буду перачытваць «Архіпэлаг ГУЛАГ», які калісьці ўразіў сваёй сыстэмнасьцю і маштабам. Бо ўражаньне не паўторыцца. І ягоная проза калі і ўражвала, дык сваімі пасланьнямі ўпершыню. Ды і ўсё ягонае і зьвязанае зь ім тлумачыцца гэтым словам — упершыню, якое «ўдругіню» не бывае. Але я ўдзячны яму за тое, што правакаваў на думкі, зь якіх можна зрабіць некалькі важных высноваў, нават адкрыцьцяў.

У 2004 годзе я пераклаў на беларускую мову яго знакаміты маніфэст «Жить не по лжи». Акурат споўнілася трыццаць гадоў як ён яго напісаў. Максымальна блізка ў мяне выйшла «Жыць без ілжы». Але незадаволенасьць і самім маніфэстам і перакладам засталася. І таму, што ў якасьці жыцьцёвага прынцыпу сьцьвярджалася адмоўе. І таму, што хлусьня, як ні круці, неад’емная частка жыцьця і адаптацыі, хочаш ці ня хочаш, то бок зусім безь яе ты можаш жыць толькі сам, асобна ад іншых. І таму, нарэшце, што так стылёва «громогласно» кажуць штосьці, у чым звычайна ня надта ўпэўненыя самі. «Аргумэнт слабы, падвысіць голас» — пісаў Чэрчыль на палях сваіх прамоваў.

Праўда, быў у таго перакладу і свой станоўчы вынік. Мы зладзілі дыскусію на Радыё Свабода, і сама сабой напрасілася выснова. Калі для расейца праўдзе супрацьстаіць «ложь», дык у беларускай традыцыі гэта не хлусьня, а крыўда. Насуперак праўды ў нас крыўда. Зло. Мяшаюцца праўда і зло, — пісаў Купала. І ніколі не хлусьня. Верагодна, якраз таму, што беларуса яго гісторыя, у адрозьненьне ад расейца зь яго гісторыяй, увесь час вучыла, што адаптацыя без хлусьні немагчымая. Гэта тое месца, дзе намацваецца выразная розьніца беларусаў і расейцаў, іх лёсу, мэнтальнасьці, гісторыі. Колькі ні сьцьвярджай, што мы адзін народ і ні ляпі нас да кучы, мы розныя ўжо ў самай аснове, на самай глыбіні.

Тут, між іншым, лепш стала зразумелая і Алексіевіч, яе мэнтальная аснова. У яе насуперак праўды якраз крыўда, а ня «ложь», бо яна разглядае чалавека не па-расейску, а «гуманітарна», па-эўрапейску. Ёй усёй можна было б даць назву з Гарэцкага «У чым яго крыўда», яго — чалавека. А тут, між іншым, і кроку рабіць ня трэба да «надуманных прав человека», бо Алексіевіч уся ўжо там, сярод гэтых «ненужных западных ценностей». Але вернемся да «Салжа» і ягонага маніфэсту.

Пахаваньне А. Салжаніцына
Пахаваньне А. Салжаніцына

Седзячы сёньня над труной гэтага ці не найбольшага савецкага дысыдэнта, я зноў перачытаў ягоны маніфэст і зрабіў для сябе яшчэ адно адкрыцьцё. Як для нас супрацьлегласьцю праўды ёсьць ня «ложь», а крыўда, так і для расейцаў гэта таксама ня «ложь». А што? Салжаніцын у маніфэсьце амаль што сказаў гэта, амаль давыкапаў гэтую сутнасьць, нават дакрануўся да яе. Адно што не назваў напрасткі, недавыказаў. Вось цытата:

«Калі гвалт урываецца ў мірнае людзкое жыцьцё — ягоны твар палае ад самаўпэўненасьці, ён так і на штандары піша, і крычыць: “Я — Гвалт! Разыйдзіся, расступіся — стапчу!” Але гвалт хутка старэе, крыху гадоў — і ён ужо ня ўпэўнены ў сабе, і, каб трымацца, каб выглядаць прыстойна, — ён выклікае сабе ў хаўрусьнікі Хлусьню. Бо: гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусьні, а хлусьня можа трымацца толькі гвалтам. І ня кожны дзень, не на кожнае плячо кладзе гвалт сваю цяжкую лапу: ён патрабуе ад нас толькі пакоры да хлусьні, штодзённага ўдзелу ў хлусьні – і ў гэтым усё вернападданства».

Гэта гвалт («насилие») — вось што ў расейскім кантэксьце супрацьстаіць праўдзе. Хлусьня — толькі тое, чым гвалт прыкрываецца, «шыфруецца», «каб выглядаць прыстойна» — сама сабою яна не антонім праўды.

Уразіла актуальнасьць цытаты і тое, наколькі сугучная яна сёньняшняму расейскаму тэлевізару, пра што б ён ні казаў: ад Украіны да «солсберецких». Толькі апошняе слова ў цытаце крыху «шаргаціць» і як бы ня ў тэму — вернападданства. А яно якраз у тэму, толькі старонку трэба перагарнуць, туды, дзе Салжаніцын-наадварот.

Натальля Салжаніцына
Натальля Салжаніцына

Гэта той, што адмаўляў у самастойнасьці Ўкраіне (Беларусі пагатоў), якую трэба ўтрымаць пры сабе, бо безь яе Расеі ніяк. А як ты ўтрымаеш? Толькі гвалтам. Мякчэй сказаўшы, толькі сілай. Не, мякчэй не ўдаецца. Вось і ўдава пісьменьніка Натальля ва ўчорашнім інтэрвію расейскаму тэлевізару нагадала, што «Ён заўсёды казаў, што Ўкраіна можа адкалоцца і што гэта будзе вельмі балюча. І ён пісаў пра гэта яшчэ і ў “Архіпэлагу”, у 1968 годзе пісаў: яна будзе спрабаваць сысьці. Ну а Захад, вядома, утыкнуў ломік у гэтую расколіну і разгойдваў як трэба, бо Бжэзінскі таксама казаў і друкаваў, што Расею толькі тады можна рэальна аслабіць, толькі калі адкалоць ад яе Ўкраіну».

Што сабе хоча сама Ўкраіна — пра гэта нават і думкі няма, Бжэзінскі захацеў. Але галоўнае, пра што гаворка — пра сілу. Аслабіць Расею — гэта не падарваць яе высокія сацыяльныя, адукацыйныя, культурныя стандарты жыцьця людзей, багацьце эканомікі, не адабраць у яе прыродныя рэсурсы ці, скажам, космас. Захад і Бжэзінскі зацікаўленыя якраз у адваротным. Але не пра тую сілу гаворка. Аслабіць Расею — значыць, адабраць у яе гвалт. Той самы, што прыкрываецца хлусьнёй.

Помнік Салжаніцыну
Помнік Салжаніцыну

З задавальненьнем адзначае Натальля Салжаніцына, што пуцінская Расея «снова обретает силу». Але гэта зноў жа зусім не пра ўзьлёт эканомікі, культуры і сацыялкі. Удава пісьменьніка кажа пра «сілу ваенную, зьнешнюю сілу».

Эх, Солж, — думаю я сабе, седзячы па-над яго труною. — І няма табе як тваю бабу суняць. Сіла ваенная і зьнешняя — гэта ж і ёсьць гвалт. Гэта ж аказваецца, што пра гвалт ты ў маніфэсьце пісаў, будучы зусім ня супраць гэтага самага гвалту. Вось чаму ты не яго супрацьпаставіў праўдзе, а ўсяго толькі хлусьню, «ложь». Нешта мы пра цябе тады, у 1980-я, ня так зразумелі. Толькі цяпер даходзіць.

Вяртаньне, 1994
Вяртаньне, 1994

У 1994 годзе Салжаніцын вярнуўся ў Расею. Мы глядзелі рэпартажы і крыху прыкра было, што ўсё адбываецца ня так трыюмфальна і эпахальна, як мусіла быць, як мы толькі маглі ўявіць сабе Суд над камунізмам, і не было адчуваньня, як заўсёды ў цябе было — што ўпершыню. Але прыкрасьць мінае, і я разумею, што гэта ў цябе быў за цягнік. Ты сапраўды прыехаў першы, бо Расея тады толькі разьнявольвалася, зьяўляліся беспрэцэдэнтныя паводле сьмеласьці і нонканфармізму фільмы, кнігі, карціны, а твой цягнік называўся «Вернападданства». Мы гэтага не разгледзелі і пасьля моцна зьдзіўляліся, калі даверанай асобай Пуціна аказваўся «наш» Гаварухін ці калі парушынкі з Пуціна зьдзімаў «свой сярод чужых» Міхалкоў ці калі Канчалоўскі… Ды ўсе, лічы, першыя асобы расейскае культуры паехалі на сваіх цягніках «Вернападданства». Але ты быў, як заўсёды і ва ўсім, упершыню.

Але «ўпершыню» забудзецца, ужо забылася. А што засталося? Засталася Нобэлеўская прэмія, прызнаньне Захаду і Бжэзінскага. Мог застацца і «перабіць» сваёй важнасьцю Суд над камунізмам, але яго ў Расеі не было.

Для беларусаў, якім ты дапамог зразумець розьніцу з сабою і расейцамі, «расколіна» гэтая будзе расьці без усякага ломіка. На месца твайго ГУЛАГУ (а гэта перадусім прадпрыемствы, эканоміка, хоць і рабская) у нас прыйшлі Курапаты, магіла. Замест «Жыць без ілжы» беларускаму духу бліжэй «Сіла бясьсільных» Гавэла, бо не патрабуе гераізму ад кожнага. Ну і замест Салжаніцына ў нас свой першаадкрывальнік ГУЛАГУ Францішак Аляхновіч.

У нас цяпер і нобэлеўская ляўрэатка свая. Яна ў Беларусі не прайграе Сталіну, як ты па выніку прайграў яму ў Расеі. Асобай нумар адзін у гісторыі беларусы яго ўжо не назавуць ніколі. Каб зразумець усё гэта, сапраўды варта было цябе перачытаць. Перачытаць і падзякаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG