Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль: прадукты для шпіталяў закупляюцца ў пасярэднікаў, цэны завышаныя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнага кантролю спраўдзіў эфэктыўнасьць выкарыстаньня сродкаў, выдзеленых на харчаваньне пацыентаў дзяржаўных арганізацый аховы здароўя.

Што паказаў аўдыт?

  1. Няма адзінага падыходу да арганізацыі харчаваньня ва ўстановах аховы здароўя. У Менску і Магілёве харчаваньне арганізуюць спэцыялізаваныя прадпрыемствы, у астатніх выпадках – самі ўстановы аховы здароўя. Пры гэтым кошт прадуктаў «можа значна адрозьнівацца» нават у стацыянарах аднаго рэгіёну.
  2. Асобныя айчынныя таваравытворцы часта не бяруць удзелу ў працэдурах закупак ці заяўляюць цэны вышэйшыя за рынкавыя.
  3. У шпіталях не «належным чынам» вядзецца ўлік руху пацыентаў цягам сутак. Наступства — ежу гатуюць на выпісаных са стацыянару пацыентаў.
  4. Выявілі «шматлікія парушэньні» заканадаўства аб дзяржзакупках з боку ўстаноў аховы здароўя.
  5. У асобных шпіталях «неабгрунтавана» праводзілася замена адных прадуктаў на іншыя. Напрыклад, у Быхаўскім шпіталі цягам 2016–2017 гадоў замянялі мяса на сыр ці сьмятану, малако на рыбу, яйка на малако ці сьмятану, сухафрукты на цукар.
  6. На харчблёках не дакладвалі сыравіну ў стравы.
  7. Прадукты, падрыхтаваныя для пацыентаў, «прыхоўвалі» (рыхтавалі да вынасу).
  8. Выявілі факты прыняцьця грашовых сродкаў пры продажы тавараў без выкарыстаньня касавых апаратаў.

За выяўленыя парушэньні да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 83 чалавекі, да дысцыплінарнай — 178 чалавек. З 11 юрыдычных асоб спагналі 4,15 тысячы рублёў, у бюджэт вярнулі 195,98 тысяч рублёў.

У верасьні дзяржкантроль Магілёўскай і Гомельскай абласьцей выявіў парушэньні ў арганізацыі харчаваньня пацыентаў Быхаўскай цэнтральнай раённай лякарні. У ліпені ў Менскім абласным судзе пачаўся працэс па справе аб карупцыі ў Менгарвыканкаме супраць начальніка галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргея Барысевіча і дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня раёнаў Менску.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG