Вярхоўная Рада Ўкраіны на заканадаўчым узроўні замацавала статус удзельнікаў баявых дзеяньняў за тымі грамадзянамі, якія змагаліся за незалежнасьць у ХХ стагодзьдзі ў шэрагах Украінскай паўстанцкай арміі, Украінскай паўстанцкай арміі атамана Тараса Бараўца (Бульбы) «Палеская сеч», Украінскай народнай рэвалюцыйнай арміі (УНРА) і ўзброеных падразьдзяленьняў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.
Адпаведныя зьмены ў закон «Аб статусе вэтэранаў вайны, гарантыях іх сацыяльнай абароны» падтрымалі 236 з 326 дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі.
Цяпер Кабінэт міністраў Украіны мае зацьвердзіць адпаведны парадак аб наданьні такім грамадзянам статусу вэтэранаў. Паводле інфармацыі Ўсеўкраінскага брацтва АУН-УПА імя генэрал-харунжага Рамана Шухевіча, цяпер колькасьць удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ХХ стагодзьдзя складае 1201 асобу. Найбольшая іх частка пражывае ў Заходняй Украіне — у Ровенскай вобласьці (217 грамадзян), у Карпатах (191), Валынскай (164) і Львоўскай (105) абласьцях. З наступнага году ўсе удзельнікі гэтых фармаваньняў змогуць зьвярнуцца спачатку па рэабілітацыю як палітычна рэпрэсаваныя, а потым — па атрыманьне статусу вэтэранаў вайны.
Вядома, што ў шэрагах АУН-УПА ваявалі і беларусы. Паводле ўкраінскіх гісторыкаў, прысутнасьць беларусаў ва ўкраінскім вызваленчым руху была абумоўлена найперш тым, што гэты рух разьвіваўся на землях, якія мяжуюць зь Беларусьсю — у Валынскай і Ровенскай абласьцях. Сетка АУН і атрадаў УПА дзейнічала таксама і на тэрыторыі сучаснай Берасьцейскай вобласьці.