Гэта ўжо трэці палёт ракеты Falcon 9, якая вывела 3 сьнежня на зямную арбіту спадарожнікі на вышыню 575 кілямэтраў.
Амэрыканская прыватная кампанія SpaceX паставіла адразу два рэкорды: вывела на арбіту за раз 64 спадарожнікі з 17 краін і запусьціла ракету Falcon 9 трэці раз, паведамляецца ў акаўнце кампаніі ў Twitter. Ракета пасьпяхова стартавала з базы ВВС ЗША «Вандэнбэрг» у штаце Каліфорнія. Гэта ўжо 19-ы пуск, які зрабіла кампанія Ілана Маска сёлета.
Старт ракеты на 19 хвіліне рэпартажу
Раней расейскі «Роскосмос» абвінаваціў кампанію Ілана Маска ў зьніжэньні долі Расеі ў сусьветным экспарце ракетна-касьмічных паслуг. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі за мінулы год. Доля расейскага экспарту склала 8,5% замест заплянаваных 24,5%.
У справаздачы ўдакладняецца, што гэта адбылося праз антырасейскія санкцыі, прыватныя касьмічныя кампаніі, нізкі курс рубля і затрымкі паставак ад украінскіх вытворцаў.
У 2017 годзе «Роскосмос» змог ажыцьцявіць толькі 17 запускаў касьмічных апаратаў замест заплянаваных 25.