Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэнісіст Максім Мірны аб’явіў аб завяршэньні кар’еры


Максім Мірны
Максім Мірны

41-гадовы беларускі тэнісіст Максім Мірны 29 лістапада аб’явіў аб завяршэньні кар’еры. Ягоны адкрыты ліст апублікавала прэс-служба Беларускай тэніснай фэдэрацыі, паведамляе БелаПАН.

Спартовец, у прыватнасьці, напісаў:

«Гэта было цяжкае для мяне рашэньне, улічваючы, што тэніс зьяўляецца маім жыцьцём з самага раньняга дзяцінства. Я шчасьлівы, што мне ўдалося так доўга атрымліваць асалоду ад гэтай гульні!

Выступаючы на асабістых турнірах альбо гуляючы за краіну, я заўсёды ставіўся да сваёй прафэсіі з высокай ступеньню гонару і павагі, заўсёды працаваў з поўнай аддачай і таму выходжу з гульні безь якога-небудзь шкадаваньня і толькі на пазытыве! Мне удалося дасягнуць нашмат больш, пра што малы зь Менску, Беларусі мог марыць, узяўшы ў руку ракетку.

Мой доўгі шлях быў бы немагчымым без пастаяннай падтрымкі маёй сям’і. Я застануся ў вечным даўгу перад сваімі бацькамі, якія мяне з малых гадоў выхоўвалі ў найлепшых спартовых традыцыях і вучылі жыцьцю. На раньнім этапе мой бацька стаў ключавой фігурай у маёй кар’еры, праходзячы са мной усе ўзроўні разьвіцьця як трэнер, мэнэджар і сябар. Мая жонка і дзеці заўсёды мяне напаўнялі неверагоднай падтрымкай і вельмі натхнялі прасоўвацца наперад.

Таксама на маім шляху пашчасьціла працаваць з цудоўнымі спэцыялістамі, якія дапамаглі разьвіць мае спартовыя і чалавечыя якасьці».

Далей Мірны пералічыў тых, каму ўдзячны за кар’еру, і ўсіх 100 партнэраў у парным разрадзе з 1994-га па 2018 год. Журналістам ён перадаў «нізкі паклон». «Вы заўсёды былі паблажлівыя, цярплівыя і карэктныя», — адзначыў тэнісіст.

Ліст завяршаецца словамі: «Зазіраючы наперад, прыйшоў час пераключацца і прымаць новыя выклікі. Несумненна, я буду сумаваць па гульні і саперніцтву, але я ўсё роўна буду пільна сачыць за тэнісам і атрымліваць асалоду ад сваёй любімай прафэсіі побач з кортам».

Мірны завяршыў кар’еру на 55-м месцы ў парным рэйтынгу АТП. Спартовец быў першай ракеткай сьвету ў парным разрадзе, а ў адзіночным уздымаўся на 18-е месца. У пары ён выйграў 52 турніры (у 2018 годзе — 2), у адзіночцы — 1. Суадносіны выйграных і прайграных паядынкаў у парным разрадзе — 780:445, у адзіночным — 244: 242. За кар’еру Мірны зарабіў 11 763 620 даляраў ЗША (зьвесткі сайту atpworldtour.com).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG