Аднаго разу некалькі беларускіх журналістаў зайшлі папіць кавы ў Radio Cafe насупраць Цэнтральнага вакзалу ў Варшаве. Гутаркі і цікавы пан прысеў да гасьцей, каб прывітацца. Ён аказаўся ўласьнікам. Слова за слова, і журналісты сталі слухачамі цікавай гісторыі, у цэнтры якой аказалася Беларусь.
Станіслаў Прушынскі — родны брат «графа» Аляксандра Прушынскага, які ў 1990-я гады прыехаў з Канады ў Менск, каб стаць прэзыдэнтам Беларусі. Прэзыдэнтам ён так і ня стаў, але ў Менску жыць застаўся. Прыблізна ў гэты самы час малодшы брат «графа» пераехаў з Канады ў Варшаву, дзе жыве дагэтуль. Але першыя гады жыцьця пана Станіслава зьвязаныя зь Беларусьсю.
Дзяцінства ў Рагозьніцы
— Я памятаю Беларусь зь дзяцінства. Я хоць і нарадзіўся ў Варшаве ў 1935 годзе, але перад вайной мы кожнае лета праводзілі ў дзядулі ў Рагозьніцы пад Ваўкавыскам. Гэта быў вялікі палац. Вялізны ганак. Гэтую сядзібу будаваў той самы архітэктар, які рабіў палац Бэльвэдэр у Варшаве, дзе месьціцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта. Палац быў вельмі доўгі. Памятаю, што там былі шырмы, якія дзялілі дом на пакоі. У будынку былі прыгожыя каміны зь бела-блакітнай галяндзкай кафлі.
Палац належаў дзеду пана Станіслава па кудзелі — Оскару Мэйштовічу. Гэты род паходзіў зь Літвы. У 1906 годзе дзед Мэйштовіч купіў у Сапегаў палац у Рагозьніцы і 1000 гектараў зямлі.
— Памятаю некалькі алеяў, якія вялі ў палац. Вялікая брама, непадалёк была капліца сьвятога Губэрта XVIII ст., якую спалілі па загадзе Мураўёва. Быў свой сад, за домам сажалка, стайня. Я вельмі любіў зямлю, жывёлу і змалку езьдзіў на кані. Памятаю, са мной займаўся настаўнік прозьвішчам Глебік. Ён садзіў мяне на каня, і мы так хадзілі навокал. Мы праводзілі там канікулы з братам і мамай. Тата прыяжджаў рэдка, бо ён як журналіст быў вельмі заняты працай.
Бацькі пана Станіслава пабраліся шлюбам у 1933 годзе. Вясельле Марыі Мэйштовіч і Ксавэрыя Прушынскага прайшло ў Рагозьніцы. Бацька пана Стася быў вядомы ў міжваеннай Польшчы пісьменьнік, журналіст і юрыст, жорсткі крытык даваеннага ўраду.
— Перад вайной у Польшчы была такая палітыка, каб беларусаў, украінцаў, усе нацыянальныя меншасьці палянізаваць. Разумнымі гэтыя людзі не былі, ва ўрадзе дамінавалі вайскоўцы. А мой тата быў радыкальна супраць гэтага. Ён з гэтым змагаўся. І тыя людзі яго моцна ненавідзелі. Тата быў прыхільнікам шматнацыянальнай дзяржавы і супраціўляўся дурной і вар’яцкай палітыцы тагачаснай Польшчы. Гэта быў інтэлектуальны таталітарызм, каб усе былі як адзін, каб не было ніякай разнастайнасьці.
У Мэйштовічаў былі выдатныя адносіны зь мясцовымі сялянамі. Яны часта маглі падзарабіць, працуючы пры палацы, а жонка гаспадара маёнтку Флярэнтына, бабуля пана Станіслава, якая была мэдсястрой-аматаркай, часта лячыла хворых сялян.
«Калі пачалася вайна, то ўцяклі да немцаў»
1 верасьня 1939 году на Польшчу нападае Нямеччына, а праз 16 дзён СССР. Рагозьніца ў складзе БССР. Прушынскія прымаюць рашэньне ўцякаць. Маці забірае дзяцей і яны зьяжджаюць у акупаваную немцамі Польшчу. Бацька Ксавэры ўцякае асобна, дзеці не пабачаць яго ажно 6 гадоў, да канца вайны.
— Старэйшыя лічылі, што бліжэй да немцаў нам будзе больш бясьпечна. Мы перайшлі «зялёную мяжу» і жылі ў розных сваякоў, мяняючы месцы. Дзед з бабуляй Мэйштовічы, а таксама малодшая сястра маёй мамы засталіся ў Рагозьніцы. І гэта скончылася драмай. Мясцовыя камуністы неўзабаве дзеда арыштавалі і забілі.
Оскара Мэйштовіча камуністы расстралялі 21 верасьня ў Зэльве разам з каталіцкім і праваслаўным сьвятарамі. Цэлы дзень іх целы ляжалі на вуліцы. Уначы іх адвезьлі ў лес і пахавалі ў агульнай магіле на рацы Зальвянцы. У 90-я гады беларускія палякі паставілі на гэтым месцы помнік.
Вяртаньне ў маёнтак
У 1941 годзе, калі немцы напалі на СССР, Прушынскія вярнуліся ў Рагозьніцу. У палацы жыў нямецкі адміністратар. Ён дазволіў ім жыць у маёнтку, але не ў самім палацы, а ў будынку побач, які служыў летнім домам.
— Але ўлетку нехта паведаміў маме, што гестапа хоча яе арыштаваць. Мама хутка ўцякла, бо думала, што немцы падазраюць яе ў сувязях з Арміяй Краёвай. Мама ня ўдзельнічала ў падпольлі, але там былі многія яе сябры. Яна вельмі баялася, што яе будуць катаваць.
Станіслава і старэйшага на год брата Аляксандра маці пакінула ў вёсцы, у мясцовых беларускіх сялян. Пан Станіслаў кажа, што трапіў у дом да селяніна, які жыў за 2 кілямэтры ад палацу.
— У гаспадароў быў сын у маім узросьце і я пачуваўся там, як у сям’і. Не памятаю, каб я нават сумаваў па сям’і, бо я выдатна праводзіў час, гуляючы ў вёсцы. Памятаю зіму, як мы езьдзілі вялікімі санямі па дровы, памятаю, як старэйшыя пілавалі дрэва ў лесе. Памятаю, як я выходзіў на двор, то бачыў толькі неба і сьнег.
У гэты час брат Аляксандар быў у сям’і іншага селяніна, а сястра — у Ваўкавыску.
Беларускамоўны паніч
Праз год у Рагозьніцу па дзяцей Прушынскіх прыехала невядомая жанчына. Яе выслала Марыя Мэйштовіч-Прушынская. Стася, Аляксандра і Марысю яна вязе ў Кракаў.
— Ужо празь дзясяткі гадоў пасьля гэтага я сустрэў аднаго вядомага польскага палітыка, паплечніка Валэнсы, які быў сьведкам нашага прыезду ў Кракаў. І ён расказаў мне цікавую рэч. Калі мяне прывезьлі, то я размаўляў толькі па-беларуску. Ён чуў гэта на ўласныя вушы. Мама ці забылася, ці нават не зьвярнула ўвагі, але ніхто іншы мне пра гэта ніколі не сказаў. Але сёньня, на жаль, я ўжо не памятаю беларускай мовы.
Калі скончылася вайна, то Прушынскія знайшліся. Аказалася, што бацька ад першага дня вайны ваяваў з нацыстамі ў складзе польскага войска на Захадзе. Ён адзначыўся падчас Фалескай апэрацыі ў Францыі, за што атрымаў Крыж мужнасьці. А таксама ўдзельнічаў у першай бітве хаўрусьнікаў супраць немцаў — у нарвэскім Нарвіку. Пра гэта нагадвае падзяка ад караля Нарвэгіі на сьцяне кавярні.
Праз паўгода пасьля заканчэньня вайны Ксавэрыя, які выдатна размаўляў па-ангельску і француску, намовілі паехаць працаваць у ААН, у ЗША. На Каляды ў 1945 годзе ўся сям’я прыплыла ў Нью-Ёрк. Але празь некалькі гадоў бацьку прызначылі амбасадарам Польшчы ў Галяндыі, дзе Стась пайшоў у школу.
— У 1950 годзе тата загінуў. Мне тады было 14 гадоў. Гэта была аўтакатастрофа. У маёй сям’і некаторыя хацелі стварыць легенду, што гэта падстроілі, каб зрабіць зь яго ахвяру. Але трэба казаць праўду. Нельга змагацца з хлусьнёй самой хлусьнёй. Тата быў вельмі кепскім кіроўцам, некалі мы разам зь ім зьехалі ў канал. Яму ўвогуле не павінны былі даваць правы. Але паслу не маглі адмовіць.
Пасьля сьмерці бацькі сям’я на пэўны час вярнулася ў Польшчу, але праз пару гадоў дзеці Ксавэрыя Прушынскага выехалі на Захад. Станіслаў трапіў у Мюнхэн, дзе цягам году працаваў у польскай службе Радыё Свабодная Эўропа. У 60-я гады пераехаў у Канаду і працаваў у тамтэйшых газэтах. Пасьля 10-гадовага пэрыяду ў журналістыцы Станіслаў радыкальна зьмяніў занятак — заняўся рэстаранным бізнэсам. У Канадзе ён меў тры ўласныя рэстараны. З гэтым бізнэс-досьведам напачатку 1990-х вырашыў вярнуцца на радзіму.
Radio Cafe
Першы рэстаран у Варшаве пан Станіслаў адкрыў на прэстыжнай вуліцы, дзе месьцяцца замежныя амбасады і ўрадавыя ўстановы. Але ад 1997 году і да сёньня ён зьвязаны з Radio Cafe. Фатаздымкі, каляжы, дыплёмы, граматы і падзякі на сьценах рэстарану кажуць, што гэта ня проста месца, куды можна заскочыць паесьці.
— У 1997 годзе да мяне патэлефанаваў вядомы польскі журналіст Стэфан Браткоўскі. Ён сказаў, што група людзей, якія працавалі на Радыё Свабодная Эўропа, маўляў, хоча стварыць свой клюб, яны маюць нават памяшканьне. І пытаньне было, ці не хацеў бы я інвэставаць у гэтае месца і адкрыць рэстаран.
Пан Станіслаў пагадзіўся і адкрыў рэстаран за грошы, якія атрымаў у спадчыну пасьля сьмерці дзядзькі, перакладніка Яна Мэйштовіча, які нарадзіўся ў Рагозьніцы.
Зрэшты, пан Станіслаў і сам былы супрацоўнік Радыё Свабодная Эўропа. Штомесяц чальцы клюбу сустракаліся ў ягонай рэстарацыі.
— Але пасьля сьмерці ініцыятаркі клюбу не зьявіўся ніхто новы з такім запалам. Таму гэты клюб існуе больш на сьценах, у памятках.
— Ці шкадую я, што вярнуўся ў Польшчу? Маю цудоўных дзяцей, таму не шкадую. Але калі нехта мяне з Канады спытае, ці вяртацца адтуль сюды, то я б сказаў: «Ты вар’ят ці што? Не вяртайся».
Вяртаньне ў Беларусь
Доўгі час пан Станіслаў не хацеў наведваць Беларусь, якую бачыў апошні раз падчас вайны. Баяўся сапсаваць успамін пра Рагозьніцу, пра прыгожы палац, газоны і кветнікі.
— Я ведаў, што цяпер гэта руіна, і не хацеў псаваць успаміны. Але пераважылі іншыя прычыны, і ў выніку я паехаў. Гэта было ў 2011 годзе. Сумнае відовішча. Палац падпёрты бэлькамі, дах накрыты шыфэрам. Зрэшты, і дому, у якім мы жылі, ужо не было. Усё было вельмі занядбанае.
У той час у палацы была сядзіба мясцовай гаспадаркі і бібліятэка. У сам палац пан Станіслаў ня змог зайсьці, бо дзьверы былі зачыненыя.
Пан Станіслаў кажа, што нейкі час таму ідэя вярнуць палац была ў яго брата «графа» Прушынскага. Але сам ён гэтую ідэю лічыць снобскай.
— А навошта мне той палац? Каб хваліцца, што я маю маёнтак, і глядзець, як ён гніе?! Нават калі б мне далі яго бясплатна, то я б яго ня ўзяў.
Падчас гэтага падарожжа пан Станіслаў наведаў магілу дзеда, якога забілі былыя суседзі, а ў самой Рагозьніцы сустрэў людзей, якія добра памяталі Мэйштовічаў. Менавіта там ён дазнаўся, што яго бабуля лячыла мясцовых сялян. Спрабаваў знайсьці і сябра дзяцінства, сына гаспадара, у якога малым жыў год падчас вайны.
— Я дазнаўся, што мой сябра-аднагодак памёр ад алькагалізму. Я заўсёды хацеў яго сустрэць і памагчы, аддзячыць, але, на жаль, я спазьніўся.