Гітарыст Сяргей Трухановіч выдаў чацьвёрты альбом інструмэнтальнай музыкі пад назвай New Island. Зьвядзеньне альбому і майстэрынг былі зробленыя ў ЗША.
«Я вельмі чакаў гэтай падзеі. Удзячны майму сябру і саўнд-прадусару з ЗША Аркадзю Юшыну, а таксаму Вячаславу Бруйку і ўсім тым, хто ўдзельнічаў і дапамагаў у стварэньні гэтага акустычнага альбому. А першым маім слухачом стаў Аляксандар Папроцкі зь «Беларускіх песьняроў», — сказаў Свабодзе музыка.
Тры папярэднія альбомы інструмэнтальнай музыкі Трухановіча маюць назвы «Пункт невяртаньня», «Нараджэньне таямніцы», «Шлях да мора».
Сяргей Трухановіч — гітарыст, аўтар музыкі, выкладчык. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры, дзе займаўся па клясе гітары ва Ўладзімера Ўгольніка.
У сярэдзіне 1980-х сабраў свой першы гурт «Азарт», затым выступаў у складзе групы «Каменны дождж», зь якога вырас калектыў «Рокіс». У 1991-м разам зь сябрамі па «Рокісу» і запрошаным вакалістам Ігарам Варашкевічам стварылі «Краму».
Паралельна арганізаваў каманду Sam Gray — ці не адзіны на той час у Беларусі прыклад музыкі ў стылі кантры. Некаторы час працаваў зь «Сябрамі», ад 2002 году выступае ў складзе «Палаца».
Актыўна працуе як студыйны музыка, паводле ўласнай мэтодыкі выкладае гітару ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава. Аўтар чатырох сольных альбомаў інструмэнтальнай музыкі.
У сярэдзіне лістапада Сяргей Трухановіч агучыў намер разьвітацца з «Крамай» праз творчыя і чалавечыя разыходжаньні з вакалістам Ігарам Варашкевічам. Напярэдадні выступу 17 лістапада канфлікт дасягнуў апагею, гітарыст заявіў, што ня хоча знаходзіцца на адной сцэне са сваім апанэнтам. Канцэрт адыгралі безь яго.
Пасьля сыходу з «Крамы» Сяргей Трухановіч мае намер засяродзіцца на сольных праектах.