Экс-уладальнік кампаніі ЮКАСа і кіраўнік "Адкрытай Расіі" Міхаіл Хадаркоўскі распавёў Цімуру Алеўскаму («Настоящее время») пра расьсьледаваньне забойства расейскіх журналістаў у ЦАР, "крамлёўскага кухара" Прыгожына, права на зброю, парлямэнцкую рэспубліку ў Расеі, праваслаўную царкву і пра тое, ці добра яму спалася ў турме. Пра ўсё гэта – у поўнай вэрсіі інтэрвію, фрагмэнты якога прапануем вашай увазе.
«Дзейнасьць ва Ўсходняй Украіне вельмі вампірская»
— У нейкі момант здалося, што зусім «вампіры» зрабіліся вельмі блізкія да Крамля і яны кіруюць збольшага ўнутранай палітыкай, прынамсі, даюць такія парады. Вы заўважаеце гэта?
— Я лічу, што вельмі вампірская дзейнасьць ва Ўсходняй Украіне. Усё ж 8 тысячаў, цяпер, можа быць, ужо бліжэй да 10 тысячаў загінулых.
— Гэта афіцыйная статыстыка Ўкраіны, мы ня ведаем, колькі загінула з другога боку (расейскага), у тым уся і праблема. Гэта значыць, мабыць, больш.
— Я б сказаў, што 10 тысяч загінулых — гэта ўжо занадта шмат. У абсалютна нікому не патрэбнай, абсалютна братазабойчай вайне. І я лічу, што тыя, хто справакаваў гэта — гэта, вядома, вампіры. І гэтых вампіраў у канчатковым выніку чакае трыбунал, гэта не прабачаецца. Палітычную адказнасьць, без усялякага сумневу, Пуцін за гэта нясе.
«Ніякай рэальнай ксэнафобіі ўнутры Расеі не існуе»
— Мне здаецца, што Расея, прынамсі расейцы ў Расеі, хочуць нацыянальнай дзяржавы. Ці можа існаваць расейская нацыянальная дзяржава ў межах фэдэрацыі, і дзе ёй тады там будзе месца?
— Я абсалютна перакананы, што Расея перш, чым перайсьці да этапу эўрапейскай інтэграцыі, павінна будзе прайсьці праз стадыю нацыянальнай дзяржавы, якая ў нас да сёньняшняга дня не пабудавана. А Расея ў гэтым сэнсе застаецца досыць монанацыянальнай краінай, расейскае насельніцтва складае ў нас 85%. Дастаткова для таго, каб гэтую монанацыянальную дзяржаву можна было называць «расейскай». Але калі мы кажам «монанацыянальная», мы кажам пра нацыю ў яе палітычным, а не ў этнічным сэнсе.
— Але ж гаворка ідзе аб этнічным сэнсе, мне здаецца...
— Я ня бачу праблемы з этнічным непрыманьнем, з ксэнафобіяй ўнутры Расеі. Людзі падчас апытаньняў сапраўды кажуць нейкія абсалютна жудасныя рэчы: што, напрыклад, мы ня хочам бачыць чужынцаў у сваіх сем’ях ці мы ня хочам бачыць чужынцаў, якія працавалі б з намі на працы. Але калі мы паглядзім на тое, што адбываецца ў рэальным жыцьці, ніякай рэальнай ксэнафобіі ўнутры Расеі не існуе.
«ФСБ дэ-факта — другі ўрад Расейскай Фэдэрацыі»
— Супрацоўнікі ФСБ — яны расейскія патрыёты цяпер або не, як вы думаеце?
— Я не хацеў бы абагульняць усіх супрацоўнікаў ФСБ. Я думаю, што ў ФСБ, як і ў любой іншай урадавай арганізацыі, ёсьць нармальныя людзі і ёсьць жулікі. Тыя зладзюгі, якія цяпер у ФСБ карыстаюцца сваім становішчам, сваімі «корачкамі» для таго, каб назапасіць сабе дабрабыт, захопліваць бізнэсы і гэтак далей, ну, я такіх людзей патрыётамі б ніколі не назваў.
— А як наладжана жыцьцё ўнутры гэтай структуры? У вас ёсьць нейкія свае агентурныя дадзеныя? Вы разумееце, што ў іх адбываецца ўнутры?
— Мы якраз хочам зараз падрыхтаваць праект дасьледаваньня менавіта ФСБ: ня як контравыведнай арганізацыі, якой яна мусіла б быць, і нават не як ведамства па ахове Канстытуцыі, а як арганізацыі, якая дэ-факта зьяўляецца другім урадам Расейскай Фэдэрацыі. Гэта значыць, яно дублюе з дапамогай сваіх супрацоўнікаў, сваіх агентаў функцыі дзяржаўнай улады, функцыі ўраду і ўстанаўлівае над ім кантроль. Гэтую частку мы зараз хочам вывучыць. І калі яна будзе гатовая, мы яе прадставім грамадзтву.