У Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі абнародаваны ўказ аб увядзеньні ваеннага становішча ў 10 абласьцях Украіны. Згодна з указам, ваеннае становішча ўводзіцца з 26 лістапада а не з 28 лістапада, як паведамлялася раней.
Пазьней інфармацыю пра тое, што ваеннае становішча ўведзенае з 26 лістапада, пацьвердзіла Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Гэта значыць, што гэты рэжым будзе доўжыцца ва Украіне да 26 сьнежня.
Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла законам указ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».
Рашэньне падтрымалі 276 з 330 дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі.
«Ваеннае становішча будзе выкарыстана выключна ў выпадку наземнай вайсковай апэрацыі. Абмежаваньня правоў і свабод ня будзе», — заявіў у парлямэнце прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Паводле яго, ваеннае становішча закране толькі асобныя вобласьці на мяжы з Расеяй, Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікай і ў тэрытарыяльных водах Керчанскай пратокі — Віньніцкай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Херсонскай.
Чарнігаўская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю.