Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці да юбілею TuzinFM. АЎДЫЁ


Беларускі музычны партал TuzinFM разам з праектам Letapis.by склалі візуалізаваны cьпіс песень, «безь якіх немагчыма ўявіць незалежную беларускую музыку». У яго ўвайшлі 40 самых важных беларускамоўных песень з гіт-параду «Тузіна» (2003–2018) і яшчэ 20 гітоў за папярэднія 15 гадоў (1988–2003).

Рэйтынг уклалі кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін і аўтар праекту «Мапа станаўленьня Беларусі» Аляксей Чаранкевіч.

Да кожнага з 60 трэкаў напісаная анатацыя і гісторыя ягонага стварэньня, падабраныя выявы, відэа і спасылкі на рэсурсы, дзе можна болей дазнацца пра выканаўцу, паслухаць і набыць ягоныя трэкі.

У сьпіс увайшлі песьні, якія перамагалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» і называліся найлепшымі песьнямі сэзону цягам 15 гадоў існаваньня парталу, а таксама 20 гітоў за папярэднія 15 гадоў, безь якіх, як сьцьвярджаюць укладальнікі, «немагчыма ўявіць беларускую музыку». У сьпіс увайшлі пераважна рок-гіты беларускіх музыкаў.

Як адзначыў Аляксей Чаранкевіч, «поп-выканаўцы, барды, мэталісты, фольк-сьпевакі ды музыкі іншых кірункаў, безумоўна вартыя асобных рэйтынгаў», паведамляе TuzinFM.

«З аднаго боку гэта падсумаваньне для нас саміх — у рэйтынг увайшлі песьні, якія паўплывалі як на нас асабіста, так і на разьвіцьцё айчыннай сцэны ў цэлым. На нашую задуму, гэты рэйтынг таксама мае стаць кропкай уваходу ў беларускую музыку для тых, хто толькі пачынае ёй цікавіцца», — кажа Сяргей Будкін.

Праект «60 песень беларускамоўных гітоў сучаснасьці» прымеркаваны да 15-годзьдзя інтэрнэт-парталу TuzinFM. Юбілей будзе адзначаны канцэртам «Героі году» і ўручэньнем прэміі найлепшаму музычнаму гурту і найлепшаму адкрыцьцю 2018 году. Канцэрт пройдзе 12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG