Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зьвярнуў увагу прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі на інфармацыйную палітыку тэлеканалу Euronews.
«Лічым неабходным, каб кіраўніцтва Эўразьвязу або актыўна паўплывала на сытуацыю з Euronews, або правяла інфармацыйную кампанію ў Расеі і Беларусі з тым, што тэлеканал маніпулюецца Крамлём», — адзначыў Аляксей Янукевіч.
Ён заявіў, што апошнім часам тэлеканал Euronews усё часьцей распаўсюджвае відавочна фэйкавыя навіны. Як прыклад, у мінулыя выходныя падчас сюжэту на тэму Brexit бягучы радок інфармаваў, што «украинские военные начали массированный обстрел жилых районов самопровозглашенной Донецкой народной республики». Спасылка на крыніцу інфармацыі — РИА «Новости» — ніякім чынам не зьмяншае «таксычнага ўзьдзеяньня» на сьвядомасьць гледачоў, перакананы палітык.
«І расейцы, і беларусы, і іншыя нацыі, якія глядзяць трансьляцыю расейскамоўнай вэрсыі Euronews, аказваюцца ашуканымі, бо ўспрымаюць тэлеканал як варты даверу эўрапейскі СМІ — ці прынамсі ніяк не пракрамлёўскі ў дачыненьні да расейска-ўкраінскага канфлікту. На справе ж атрымліваюць менавіта расейскую прапаганду», — заявіў намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Адным з акцыянэраў Euronews зьяўляецца Ўсерасейская дзяржаўная тэлерадыёкампанія (ВГТРК).