Гішпанія прагаласуе супраць пагадненьня Вялікабрытаніі з Эўразьвязам пра Brexit з прычыны недастатковай прапрацоўкі праблемы Гібральтару. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы. Суразмоўцы агенцтва сьцьвярджаюць, што Мадрыд настойвае на двухбаковых перамовах паміж гішпанскім і брытанскім урадам.
Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс раней ужо дапускаў, што можа не падтрымаць дакумэнт. Пазьней газэта The Telegraph паведаміла, што з-за нявырашанага пытаньня Гібральтару ад удзелу ў саміце пра пра Brexit 25 лістапада адмовіцца і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.
Гібральтар — гэта заморская тэрыторыя Брытаніі. Яе жыхары маюць цесныя сувязі з Гішпаніяй, і ў 2016 годзе большасьць зь іх прагаласавала на рэфэрэндуме супраць выхаду з Эўразьвязу. У сувязі з гэтым улады паўвострава пачалі абмяркоўваць варыянты захаваньня сяброўства ў ЭЗ. Пры гэтым шмат хто з жыхароў Гібральтару ня хоча выходзіць са складу Брытаніі.
У Брусэлі прапанавалі Злучанаму Каралеўству абмеркаваць пытаньне гэтай тэрыторыі з Гішпаніяй. У Лёндане да прапановы паставіліся скептычна, паколькі Мадрыд мае свае прэтэнзіі на паўвостраў.
14 лістапада ўрад Вялікабрытаніі зацьвердзіў праект пагадненьня наконт выхаду краіны з ЭЗ. Згодна з дакумэнтам, Лёндан заплаціць Брусэлю каля 39 мільярдаў фунтаў і забясьпечыць адкрытую мяжу Вялікабрытаніі з Ірляндыяй. З такой дамовай не пагадзіліся 11 міністраў з кабінэту Тэрэзы Мэй. Двое зь іх сышлі ў адстаўку.
Брытанцы прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу летам 2016 году. Вялікабрытанія далучылася да ЭЗ у 1973 годзе і стане першай краінай, якая яго пакіне. Законапраект пра Brexit прадугледжвае адмену акту аб Эўрапейскіх супольнасьцях 1972 году, на падставе якога краіна ўступіла ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама замену законаў Эўразьвязу брытанскімі.