Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў 4 супрацоўнікаў Сьледчага камітэту і судмэдэкспэрта за гвалт і ўтойваньне злачынства


Суд Маладэчанскага раёну
Суд Маладэчанскага раёну

Маладэчанскі раённы суд агучыў выракі чатыром супрацоўнікам Мядзельскага адзьдзелу Сьледчага камітэту і судмэдэкспэрту.

Сьледчы Максім Валеўка, які двойчы ўдарыў міліцэйскай дубінкай жыхарку Мядзела Вольгу Даўжук падчас сьледчых дзеяньняў, прызнаны вінаватым у фальшаваньні доказаў, гвалце ў дачыненьні да пацярпелай і пасобніцтве злачынству. Яго пакаралі 4 гадамі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем званьня капітана юстыцыі.

Пракурор прасіў прызначыць Валеўку 6 гадоў зьняволеньня. У апошнім слове падсудны казаў, што 6 гадоў не заўсёды даюць за забойства чалавека, а ён толькі ўдарыў два разы, бо «ня вытрымалі нэрвы».

На пытаньне, ці будзе ён абскарджваць прысуд, Валеўка нічога не адказаў, іншыя таксама прамаўчалі.

«Ня думаю, што яму варта абскарджваць, вы ж ведаеце у якой краіне мы жывем, як бы горш не было», — сказала Свабодзе цётка Максіма Валеўкі. Паводле яе, прысуд яму ў 4 гады зьняволеньня занадта жорсткі.

Пасьля прысуду
Пасьля прысуду

Іншых супрацоўнікаў прызналі вінаватымі ва ўтойваньні ўчынку свайго калегі. Гэта начальнік аддзелу Сьледчага камітэту Мядзелу Аляксандар Штура, ягоны намесьнік Міхаіл Сакалдынскі і супрацоўніца аддзелу Ганна Сакалдынская.

Аляксандар Штура пакараны 3,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка юстыцыі.

Міхаіл Сакалдынскі пакараны 3 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка юстыцыі.

Ганну Сакалдынскую пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Сваякі сьледчых мужчын плачуць і абураюцца прысудам.

Судмэдэкспэрта Алену Кабіценку абвінавацілі ў тым, што яна дала непраўдзівае заключэньне аб прычыне цялесных пашкоджаньняў Вольгі Даўжук. Паводле яе экспэртызы, сьляды ад удараў сталі вынікам «падзеньня». У выніку Кабіценку пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Пракурор Вадзім Лолуа прасіў для падсудных жанчын па 3 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Пасьля суду пракурор ад камэнтару адмовіўся.

Ганна Сакалдынская, якую ўжо вызвалілі, ад камэнтару таксама адмовілася. Сваякі і калегі сустрэлі яе кветкамі.

Ганна Сакалдынская
Ганна Сакалдынская

Паводле паказаньняў на судзе Алены Янукевіч, маці Вольгі Даўжук, расьсьледаваньне пачалося толькі праз два месяцы — пасьля ўмяшаньня Камітэту дзяржбясьпекі. Далей расьсьледаваньнем справы займаліся ўжо сьледчыя КДБ.

У апошнім слове Максім Валеўка прасіў суд «пры вынясеньні прысуду не глядзець на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай».

«Можа, гэта некарэктна. Але павінен папрасіць суд пры вынясеньні прысуду не глядзець на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай», — заявіў Максім Валеўка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG