Пракуратура Магілёўскага раёну завяла крымінальную справу на службовых асобаў магілёўскага «Жылкамгасу» і замежных таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю «ВМГ Індустрыі» «Кронаспан ОСБ» і ЗТАА «Мэбэлайн» праз падазрэньне ў забруджваньні малых рэк Дзягцярка і Вільчанка сьцёкавымі водамі, паведамляе БелаПАН.
Крымінальная справа заведзеная паводле артыкулу «Забруджваньне альбо засьмечваньне водаў» (ч. 2 арт. 272 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і прадугледжвае пакараньне папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
Пракурорская праверка паказала, што ў «вычышчаных» «Жылкамгасам» водах канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў перавышала вызначаныя максымальныя велічыні. «Жылкамгас» сыстэматычна дапускаў скідваньне сьцёкавых водаў зь перавышэньнем канцэнтрацый шкодных рэчываў у камунальную дажджавую каналізацыю, адкуль яны трапілі ў рэкі Дзягцярку і Вільчанку без нармаванай ачысткі, лічаць у пракуратуры.
Пры кантролі ў 2017–2018 гадах якасьці вады ў Вільчанскім вадасховішчы, куды ўпадаюць рэкі Вільчанка і Дзягцярка, служба санітарнага нагляду выявіла яе неадпаведнасьць гігіенічным нарматывам у мікрабіялягічных паказьніках.
Але паводле дазволу на спэцыяльнае водакарыстаньне, якое выдаў «Жылкамгасу» камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, камунальнікі пасьля прыёму сьцёкавых водаў з канцэнтрацыямі забруджвальных рэчываў абавязаныя ачышчаць ліўневыя сьцёкі і адводзіць іх у павярхоўны водны аб’ект без перавышэньня нарматываў.
Акрамя таго, прадпрыемства на працягу доўгага часу не мадэрнізавала гідратэхнічных збудаваньняў.
Урон, які «Жылкамгас» нанёс навакольнаму асяродзьдзю, пракуратура ацаніла ў агульную суму 28142 рублі.