Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьядуць расейскія «Маша і мядзьведзь» беларускіх дзяцей


Брытанская газэта The Times ацаніла расейскі мультыплікацыйны сэрыял «Маша і мядзьведзь» як прапаганду Пуціна і прыклад «мяккай сілы». Ці ёсьць чаго баяцца беларусам? Абмяркоўваюць журналісты Радыё Свабода Сяргей Навумчык, Аляксей Знаткевіч і Дзьмітры Гурневіч.

Сяргей Навумчык: Гэты мультфільм мае, як кажуць, вірусную папулярнасьць — дастаткова сказаць, што толькі адна яго сэрыя набрала на ютуб больш як тры мільярды праглядаў. Ну, гэтая лічба складае амаль палову лічбы насельніцтва плянэты.

Тыя, хто бачыць у ім крамлёўскую прапаганду, вызначаюць і яе звышмэту: замяніць адмоўны вобраз Расеі на станоўчы.

Дырэктар студыі, дзе рабілі мультсэрыял, палічыў такую ацэнку вынікам «багатай фантазіі». Дэпутат расейскай Дзярждумы Аляксандар Курдзюмаў назваў публікацыю ў брытанскай газэце «вар’яцтвам».

Дык дзе ж ісьціна?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Увогуле, калі мы возьмем гісторыю савецкага часу (а расейская эліта, у тым ліку і значная частка творчай інтэлігенцыі, лічыць сябе ідэйнай пераемніцай шмат якіх традыцый СССР), дык убачым, што мастацтва — кіно, тэатар, балет — традыцыйна было спосабам паўплываць на грамадзкую думку.

Пасьля трыюмфальнага выступу ў Лёндане Галіны Ўланавай у сярэдзіне 50-х Хрушчову было лягчэй дамаўляцца зь Вялікай Брытаніяй

Аўтарытарны рэжым? Палітычныя зьняволеныя? Камуністычная экспансія сілавым мэтадам? Паглядзіце, якія па робяць балерыны ў «Лебядзіным возеры!». Пасьля трыюмфальнага выступу ў Лёндане Галіны Ўланавай у сярэдзіне 50-х Хрушчову было лягчэй дамаўляцца зь Вялікай Брытаніяй, пра гэта пішуць у мэмуарах блізкія да яго людзі. Альбо фільм «Масква сьлязам ня верыць» — які, дарэчы, узяў «Оскара» — вядома, што перад сваім візытам у 1988 годзе ў Маскву Рональд Рэйган паглядзеў яго, каб скласьці ўражаньне пра жыцьцё звычайных савецкіх людзей, і гэтыя людзі падаліся яму не такімі монстрамі, як у некаторых гратэскных галівудзкіх фільмах. Аўтары фільму, вядома ж, ня ставілі такой мэты, але яны дасягнулі таго, чаго ня мог дасягнуць тагачасны амбасадар СССР Дабрынін са сваімі дыпляматамі.

Дзьмітры, магчыма, брытанская газэта перабольшвае і ніякіх тут «падводных камянёў» няма? І калі б Уланава выйшла да лёнданскай публікі з аўтаматам Калашнікава — вось тое было б праўдзіва?

Гурневіч: Times цытуе фінскую газэту Helsingin Sanomat, якая, у сваю чаргу, цытуе эстонскага выкладчыка. А чаму б не разглядаць гэты мультфільм у кантэксьце эстонска-расейскіх дачыненьняў? Маўляў, маленькая Маша-Эстонія дае рады вялікай Расеі-мядзьведзю? Можна пайсьці значна далей і агучыць прэтэнзіі да папугая Кешы, якога таксама можна расчытаць як увасабленьне пуцінскай Расеі. Кеша парушаў правілы, вылятаючы з клеткі, то бок сымбалізуе сёньня Расею, якая парушыла Будапэшцкі мэмарандум. Ён ляцеў у калгас, дзе ўчыняў перапалох. Гэта магло б быць намёкам на напад на Ўкраіну. Ён хацеў здымацца ў кіно. То бок той жа Пуцін на кадрах з голым торсам, пад вадой і г. д.

Мульцік трэба прызнаць антырасейскім, бо мядзьведзь у гэтым мультфільме паказаны трошкі ідыётам і няўклюдам

Навумчык: Або, наадварот, гэта нейкі дысыдэнт. Дэпутат Сабчак, які вылецеў з калідора і пайшоў будзіць грамадзтва.

Гурневіч: Сяргей, мяне цешыць, што вы злавілі маю хвалю і жартуеце разам са мной. Але калі сур’ёзна, то, паводле лёгікі гэтага эстонца, мульцік трэба прызнаць антырасейскім, бо мядзьведзь у гэтым мультфільме паказаны трошкі ідыётам і няўклюдам. А невялікая Маша дае рады вялікаму мядзьведзю. Я глядзеў гэты мультфільм разам са сваімі дзецьмі. Нічога страшнага я там не пабачыў. Так, гэта ня нейкі высокаінтэлектуальны мульцік. Але, прабачце, дзеці не глядзяць высокаінтэлектуальных мульцікаў. Яны глядзяць нешта, каб і парагатаць. Дый мы, дарослыя, глядзім ня толькі нешта вытанчанае.

Навумчык: Дый у «Ну, погоди» не было Шапэнгаўэра і Гегеля. Аляксей, які твой пункт гледжаньня?

Аляксей Знаткевіч
Аляксей Знаткевіч

Знаткевіч: Мне не падабаецца абсьмейваньне гэтага эстонскага прафэсара і брытанскага, якога цытуюць The Times. Апрыёры робіцца выгляд, што культура ніяк не ўплывае на нашыя ўстаноўкі. Зразумела, што гэта вельмі складана. Адным мульцікам не пераб'еш агульную карціну, якая складаецца ў галаве чалавека, нават у галаве дзіцяці. Быў такі выпадак у 1987 годзе, калі 11-гадовы хлопчык залез у Брукліне ў клетку да белага мядзьведзя і той яго зьеў. Хтосьці з расейскіх пісьменьнікаў тады казаў, што часткова вінаватыя мульцікі. Бо, маўляў, дзіця да 11 гадоў іх глядзела і бачыла, што белыя мядзьведзі такія сымпатычныя. І ніколі тое дзіця не глядзела іншай інфармацыі, што белы мядзьведзь — насамрэч жахлівы драпежнік, і што ён нават негалодны можа цябе зьесьці. Праблема тут ня ў мульціках, бо можна знайсьці і іншыя фактары: дзіця проста не папярэдзілі, што нельга лезьці ў клетку. Але нельга адкідаць, што культура ўплывае на нашыя ўстаноўкі.

Я задам такое пытаньне. У Машы на галаве ў адной з сэрый фуражка савецкага памежніка з зорачкай. Дзьмітрый, як бы вы паставіліся да таго, каб вашыя дзеці глядзелі нямецкі мульцік, дзе добрая нямецкая дзяўчынка гуляе зь нямецкім ваўком, і ў яе пры гэтым фуражка са свастыкай?

Навумчык: Я дадам, што там была і блакітная фуражка НКВД, то бок так званая «форма Шуневіча».

Гурневіч: Я маю вельмі камфортную сытуацыю, бо заўсёды тлумачу сваім дзецям, адказваю на іхныя пытаньні. Пытаюцца і пра Сталіна, і пра гісторыю СССР. Таму я лічу, што прышчапляю крытычнае мысьленьне ў гэтым кантэксьце.

Знаткевіч: Не ўва ўсіх такія добрыя бацькі, як вы.

Гурневіч: Гітлер, дарэчы, забараняў Мікі Маўса, які ў адным з мульцікаў быў апрануты ў форму прускага афіцэра. Давайце не даходзіць да абсурдаў.

Знаткевіч: Паміж афіцэрам і свастыкай ёсьць розьніца.

Гурневіч: Для Гітлера не было.

Навумчык: Дзьмітры, ці ты ведаеш, каб у нейкай анімацыі Нямеччыны была скарыстаная свастыка або форма СС?

Гурневіч: Сябры, тут ёсьць лягічная памылка. Нямеччына абвясьціла нацызм злачыннай ідэалёгіяй. Расея не абвяшчала такой камунізм, Беларусь таксама. Таму ў Беларусі гэтыя фуражкі не ўспрымаюцца як нешта супэржахлівае. Гэта частка дзяржаўнай ідэалёгіі. У нас гэта можа адыграць добрую ролю, бо дзіцяці ёсьць нагода патлумачыць, што гэта.

Знаткевіч: Але ў Беларусі гэта паўсюль у публічнай прасторы.

Гурневіч: Мой старэйшы сын глядзіць са мной мастацкія фільмы, дзе ёсьць свастыка.

Знаткевіч: На прыгожых пазытыўных дзяўчатах?

Гурневіч: У тым ліку. У любога чалавека ёсьць і пазытыўныя праявы. Заўсёды важны кантэкст, і яго павінны тлумачыць дзецям бацькі. Некалькі гадоў таму ў Расеі пад прыцэл трапіў мульцік «Ну, погоди», які тут ужо ўзгадвалі.

Знаткевіч: Жахлівы мульцік, дарэчы.

Гурневіч: Ён, маўляў, папулярызуе алькагалізм, курэньне, непавагу да жанчын і дзяцей. Я выхоўваўся на гэтым мульціку.

Навумчык: За каго быў: за ваўка ці зайца?

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гурневіч: Вядома, за зайца. Хаця было і за ваўка крыўдна, калі яго білі. Але я зараз узгадваю гэты мультфільм як забаву. Ён там курыў, і гэта ніяк не паўплывала на тое, каб я лічыў курэньне нечым добрым. Я не куру і не курыў. Тым больш, усе нэгатыўныя рэчы там рабіў воўк, які адпачатку быў у мульціку кепскім пэрсанажам.

Знаткевіч: А Маша пазытыўная.

Гурневіч: Яшчэ лепш. Калі яна добрая дае рады кепскаму мядзьведзю, які сымбалізуе Расею, то чаму б не ўспрыняць Машу як маленькую Эстонію, якая дае рады Расеі?

Навумчык: Чаму тады ў яе фуражка Шуневіча?

Знаткевіч: Маша зусім не паводзіць сябе як маленькая Эстонія. Яна паводзіць сябе па-іншаму. Але справа ня ў гэтым канкрэтным выпадку. Я супраць таго, каб адкідаць...

Гурневіч: Я не адкідаю. Я кажу пра канкрэтны прыклад, а не пра прынцып увогуле.

Любое мастацтва вызначае межы дапушчальнага, нармальнага.

Знаткевіч: У вашых дзяцей, паколькі яны жывуць у Чэхіі, менш гэтага кантэксту. Для большасьці беларускіх дзяцей гэтыя зоркі паўсюль, гэты кантэкст, што «мы рускія», таксама паўсюль.

Гурневіч: Там няма нават ані слова пра тое, што «мы рускія».

Навумчык: Але сам мультфільм атаясамліваецца з Расеяй.

Знаткевіч: Любое мастацтва вызначае межы дапушчальнага, нармальнага. Тое, што абралі Барака Абаму ў ЗША, у значнай ступені было падрыхтавана тым, што ў галівудзкіх фільмах у папярэдняе дзесяцігодзьдзе даволі часта паказвалі чарнаскурых амэрыканскіх прэзыдэнтаў. Людзі гэта бачылі і разумелі, што гэта магчыма. Гэта паказвае магчымасьці. І калі гэтыя магчымасьці — зорачка на фуражцы, то гэта таксама нармалізацыя. І гэта можа быць што заўгодна, бо любое мастацтва пашырае межы.

Гурневіч: Культура, вядома, уплывае на паводзіны. Але як мультфільм «Том і Джэры», які калісьці абвінавачвалі ў этнічных і расавых забабонах менавіта праз выявы чарнаскурых прыслужніц у доме, паўплываў на выбар Абамы? За Абаму ж галасавала акурат тое пакаленьне, якое глядзела «Тома і Джэры». І ім гэта не зашкодзіла.

Знаткевіч: А можа, яны глядзелі «Сімпсанаў». Гэта такія розныя мадэлі. Мы ня можам арыентавацца на «Машу і мядзьведзя». Тут ёсьць 50 тысяч розных умоваў.

Што праз мультфільм ідзе абяленьне агрэсара.

Навумчык: Прыгадаем сярэдзіну 70-х, «17 імгненьняў вясны». Абаяльны Ціханаў у вобразе Штырліца. Ну не павярнулася ж да фашызму жаночая частка насельніцтва, якая балдзела ад Штырліца.

Знаткевіч: Я не кажу, што нешта адно можа паўплываць на пакаленьне і ўсё зьмяніць. Я кажу пра кумулятыўны эфэкт. Дзеці цяпер самі лазяць па ютубе, знаходзяць абсалютна розныя крыніцы інфармацыі, розных людзей і ўплывы, гэта велічэзны сплаў. Нельга казаць, што калі пабачылі раз мульцік, то будуць пуцінскімі рабамі.

Гурневіч: Але які кепскі ўзор паводзінаў прышчапляе Маша ці мядзьведзь, апрача фуражкі з зоркай?

Знаткевіч: Мне не падабаецца, калі сьмяюцца з гэтага эстонца. Сытуацыя, калі малая краіна знаходзіцца побач зь вялікай — і, безумоўна, ён мае права разглядаць гэтую сытуацыю.

Гурневіч: Безумоўна, ён мае права. А мы маем права крытыкаваць яго за гэта.

Знаткевіч: Я не хачу яго крытыкаваць...

Гурневіч: А я хачу.

Знаткевіч: Яго засьцярога легітымная. Ён бачыць, што гэтая агрэсіўная краіна, якая вядзе войны, паказвае сябе ў пазытыўным сьвятле.

Навумчык: Гэта акурат засьцярога многіх. Што праз мультфільм ідзе абяленьне агрэсара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG