Настаўніцу Алену з музычнай школы ў вёсцы Падлабеньне на Горадзеншчыне, якая праводзіла заняткі ў клясе без сьвятла, пасьля розгаласу ў СМІ пакінулі на працы.
Фота, дзе дзеці займаюцца нотным пісьмом пры ліхтарыках, трапілі ў сеціва 13 лістапада. Празь дзень стала вядома, што настаўніцу Алену, якая рабіла здымкі, выклікалі ў райвыканкам. У той жа дзень яна напісала заяву аб звальненьні. Дзень 15 лістапада мусіў стаць ейным апошнім працоўным днём у школе.
Як сама настаўніца раней казала Свабодзе, кіраўніцтва школы дало ёй падпісаць блянк на звальненьне паводле пагадненьня бакоў.
Аднак у аддзеле культуры Горадзенскага райвыканкаму журналістам Tut.by паведамілі, што настаўніцу звальняць ніхто не зьбіраецца, маўляў, зь ёй толькі правялі гутарку.
Ужо 16 лістапада Алена паведаміла Свабодзе, што зноў знаходзіцца на працы.
«Тут электрыкі, праводзяць сьвятло. Я не магу шмат гаварыць. Зараз пад’едзе тэлевізія, будзе здымаць гэты кабінэт (дзе займаліся без сьвятла. — РС)», — сказала настаўніца.
Паводле яе, увечары 15 лістапада у школу прыехаў прадстаўнік аддзела культуры Горадзенскага райвыканкаму і сказаў, каб заўтра яна выходзіла на працу.
«Сёньня званілі з упраўленьня культуры аблвыканкаму. Сказалі: „Заяве (на звальненьне. — РС) ходу не дамо“», — працягвае жанчына.
Алена кажа, што ня бачыла, каб ейную заяву зьнішчылі, але і загад аб звальненьні не падпісвала. Паводле вуснай дамоўленасьці, выйшла на працу, як і раней, з той жа занятасьцю.
«Мне бы хоць да канца навучальнага году дапрацаваць. Бо пасярод году знайсьці працу нерэальна», — прызнаецца яна.