У «справе БелТА» выставілі абвінавачаньне 14 журналістам, паведаміла Свабодзе Юлія Ганчарова. Журналістаў абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі БелТА.
Хто гэта?
Сьледчы камітэт не называе імёнаў абвінавачаных, але вядома, што сярод іх:
- 6 журналістаў Tut.by;
- 2 журналісты БелаПАН;
- карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі;
- галоўны рэдактар Realt.by Уладзіслаў Кулецкі;
- рэдактар сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.
Канчатковую суму нанесенай фігурантамі шкоды ў СК назавуць пазьней, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Вядома, што з 9 абвінавачаных патрабуюць прынамсі 60 тысяч рублёў.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.