Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз абвал столі ў «Арэна-Сіці» завялі крымінальную справу


Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце абвалу столі ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці».

Што адбылося?

Удзень 12 лістапада ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася перакрыцьце падвеснай столі з гіпсакардону на плошчы 150 квадратных мэтраў. Шпіталізавалі адну дзяўчыну з папярэднім дыягназам «чэрапна-мазгавая траўма, шок, ушыб жывата». Пазьней яе адпусьцілі дадому.

Папярэдняя прычына — абвал мацаваньня канструкцыі, паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Сьледчыя канфіскуюць праектную, тэхнічную і будаўнічую дакумэнтацыю, дапытваюць супрацоўнікаў гандлёвага цэнтру.

Прызначылі экспэртныя дасьледаваньні, імі будуць займацца спэцыялісты Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Арэна-Сіці» на праспэкце Пераможцаў, побач зь «Менск-Арэнай» і элітным жылым раёнам Дразды, працуе з красавіка 2013 году. Яго будавалі да чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску 2014 году.

Агульная плошча цэнтру, які зьмяшчае гіпэрмаркет ProStore, крамы, кінатэатры, рэстараны, фітнэс-цэнтар і паркінг, складае амаль 88 тысяч квадратных мэтраў.

Да месца здарэньня прыехалі некалькі машын хуткай дапамогі
Да месца здарэньня прыехалі некалькі машын хуткай дапамогі

​Падчас адкрыцьця «Арэна-Сіці» тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў у інтэрвію Tut.by, што «пры будаўніцтве цэнтру былі выкарыстаныя сучасныя заходнеэўрапейскія тэхналёгіі».

«Прыемна, што такі комплекс пабудавала беларуская кампанія, якая будзе прасоўваць і беларускія тавары, у адрозьненьне ад замежных апэратараў», — сказаў Ладуцька.

Юры Чыж, архіўнае фота
Юры Чыж, архіўнае фота

«Арэна-Сіці» праз кампанію «Прастор-Трэйд» належаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Забудоўшчыкам цэнтру выступала іншая кампанія набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца — ТАА «Трайпл».

Пасьля затрыманьня Чыжа ў 2016 годзе мэдыя паведамлялі, што гандлёвы цэнтар быў прададзены «Белаграпрамбанку» за 75 мільёнаў даляраў. Топ-мэнэджэры «Прастор-Трэйда» тады абверглі гэтую інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG