Затрыманы ў Берасьці 11 лістапада праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанцін Астапук да суду зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, мяркуецца, што ў дачыненьні да Астапука ў Ленінскім РАУС склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
11 лістапада ў Берасьці Астапук прыйшоў на плошчу Леніна, дзе традыцыйна ў нядзелю сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, у роставым касьцюме ліса. Ён гуляў зь дзецьмі, раздаваў ім паветраныя шары. Каля 13.10, калі Астапук у гэтым касьцюме садзіўся ў машыну, каб зьехаць з плошчы, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу.