У нядзелю 11 лістапада Польшча адзначае 100 гадоў аднаўленьня незалежнасьці. Асноўныя ўрачыстасьці праходзяць у Варшаве.
А 17.00 гадзіне паводле менскага часу ў цэнтры польскай сталіцы пачалося шматтысячнае шэсьце «Для цябе, Польшча». Паводле паліцыі, у ім прымае дзел больш за 200 тысяч чалавек.
Штогод 11 лістапада па ідэнтычным маршруце праходзіць Марш незалежнасьці. Яго ладзяць праварадыкальныя нацыяналістычныя арганізацыі. Сёлета ўлады краіны дамовіліся з арганізатарамі правесьці акцыю разам.
Шэсьце 11 лістапада ў апошнія гады часта заканчвалася сутыкненьнямі з паліцыяй. У гэтым годзе прэзыдэнтка Варшавы забараніла марш, але суд пазьней адмяніў яе рашэньне. У выніку нацыяналісты пагадзіліся далучыцца да дзяржаўнага маршу незалежнасьці.
Шэсьце рушыла ў напрамку Нацыянальнага стадыёну, які месьціцца ў правабярэжнай Варшаве. Там мае адбыцца мітынг з удзелам прэзыдэнта Анджэя Дуды і прадстаўнікоў ураду.
Дзяржаўныя ўрачыстасьці пачаліся ў саборы Божага провіду ў Варшаве. У ім сабраліся прэзыдэнт Анджэй Дуда, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі і лідэр кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі.
Анджэй Дуда падчас імшы запаліў сьвечку, падораную Варшаве ў 1867 годзе папам Піем IX, нібыта з жаданьнем «запаліць яе, калі Польшча ўжо будзе вольнай».
У Варшаву таксама прыбыў кіраўнік Рады Эўропы, былы прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск. Ён усклаў кветкі да помніка Юзафа Пілсудскага. Разам зь ім выступаў яго былы паплечнік і лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схэтына. Туск заклікаў пакінуць у баку ў гэты дзень палітычныя канфлікты. У сваю чаргу Схэтына папракнуў урад у тым, што ён адмаўляецца працаваць разам з Эўрапейскім зьвязам.
11 лістапада 1918 года маршал Юзаф Пілсудзкі, лідэр руху за незалежнасьць Польшчы падчас Першай сусьветнай вайны, прыбыў у Варшаву і абвясьціў аб незалежнасьці краіны