Перад пачаткам цырымоніі памяці ахвяраў Першай усясьветнай вайны, калі калёна аўтамабіляў з прэзыдэнтамі, прэм’ерамі, іншымі кіраўнікамі дэлегацыяў ехала ад Элізэйскага палацу да Трыюмфальнай аркі, з ходніку выбегла актывістка жаночага руху Femen.
Яна трапіла на праезную частку праспэкту пасьля таго, як праехаў «Кадылак» прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. На грудзях у яе было напісана «Fake peace maker» («Фальшывы міратворца»).
Актывістцы ўдалося прайсьці бар’еры і паліцыю, выгукаючы словы «Фальшывы міратворца». Яе затрымалі.
На цырымонію прыбылі прадстаўнікі 77 дзяржаваў Эўропы, Азіі, Амэрыкі і Афрыкі. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падцягнуўся апошнім, іншыя яго чакалі 10 хвілін.
Беларусь на Форуме міру рэпрэзэнтуе старшыня Савету рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. Пра адмову Аляксандра Лукашэнкі наведаць Парыж стала вядома 8 лістапада.