Сем’і, якія страцілі сваіх блізкіх у катастрофе малайзійскага «Боінга» над Данбасам, зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Яны просяць яго садзейнічаць поўнаму расьсьледаваньню абставінаў гібелі 298-мі пасажыраў і членаў экіпажу.
Самалёт малайзійскай авіякампаніі, на борце якога знаходзіліся грамадзяне многіх краінаў, быў зьбіты ракетай 17 ліпеня 2014 году.
Ліст накіраваны Трампу ў сувязі з абвешчанай на канец лістападу ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца: «Нядаўна Вы назвалі забойства Джамаля Хашокджы „адным з найцяжэйшых таемных забойстваў у гісторыі“. Нягледзячы на адсутнасьць усіх зьвестак аб гэтым злачынстве, мы прызнаем, што вы, верагодна, маеце рацыю.
Але гэтак жа сама мы прызнаем, што ўтойваньне абставінаў гібелі 298 чалавек, якія ляцелі рэйсам MH-17, адносіцца да той жа катэгорыі. Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці за гэтае злачынства. Замест гэтага рабліся відавочныя спробы схаваць факты пра сапраўдныя абставіны здарэньня ў той жудасны летнідзень — спробы афіцыйных прадстаўнікоў Расейскай Фэдэрацыі, якія падтрымліваюцца і паўтараюцца прэзыдэнтам Пуціным», — адзначаюць аўтары звароту.
Ліст быў накіраваны Трампу ў канцы кастрычніка, але вядома пра гэта стала сёньня.
Аўтары ліста падкрэсьліваюць, што як сваякі, яны маюць права ведаць, што здарылася зь іх роднымі. «Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай дапамагчы нам у нашым праведным расьсьледаваньні. У прэзыдэнта Пуціна ёсьць адказы, якія мы павінны пачуць. Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай пастарацца пераканаць яго, што ніколі ня позна загладзіць сваю віну. Гэтага патрабуе памяць аб нашых сваяках і блізкіх», — завяршаюць аўтары свой ліст.