Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат цяпер будзе пастаўляць прадукцыю ў Кітай.
На Першай кітайскай міжнароднай выставе імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo ў Шанхаі падпісаныя мэмарандумы аб пастаўках сульфатнай белёнай цэлюлёзы ў КНР, паведамляе БЕЛТА.
ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» падпісаў два мэмарандумы аб арганізацыі пастаўкі да канца 2019 году ў адрас двух кітайскіх кампаній 24 тысяч тон сульфатнай белёнай цэлюлёзы. Арыенціровачна сума кантрактаў за ўвесь аб’ём складзе 16-18 млн даляраў.
Пастаўкі будуць весьціся праз кампанію Ekman & Co AB, зь якой у Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбіната падпісаны 3-гадовы кантракт аб пастаўках цэлюлёзы на сусьветныя рынкі.
Мясцовыя жыхары рэгулярна ладзяць пратэсты супраць заводу, выказваючы сваё абурэньне смуродам і шкоднымі выкідамі, якімі «ўзнагародзіў» горад новы завод беленай цэлюлёзы.
Раней паведамлялася, што толькі за тры месяцы з пачатку працы новы завод пры выпрабавальнай вытворчасьці выпусьціў каля 2 тысяч тон беленай цэлюлёзы і выкінуў у паветра 113 тон шкодных рэчываў — у 23 разы больш за гадавую норму.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).