У кастрычніку выйшла новая кніга Зянона Пазьняка «Краявід перад нізінай». На 240 старонках – выбраная публіцыстыка, падабраная тэматычна.
Тэксты прысьвечаныя небясьпечным зьявам і працэсам для існаваньня нацыі, культуры і цывілізацыі. Таксама адлюстраваныя тэмы аб станоўчых чыньніках разьвіцьця.
Пазьняк піша пра цывілізацыйныя зьмены і сувязь іх з ідэалёгіяй, кіруемыя, на яго думку, працэсы, арыентаваныя на разбурэньне асобы чалавека хрысьціянскага тыпу і на зьмяненьне карціны сьвету.
«Звычайна гэта адбітак дзейнасьці лявацтва і маргінальных агрэсіўных груп. Таксама можа быць вынікам акупацыйнай палітыкі, накіраванай на вынішчэньне нацыі і культуры», – піша ў прадмове аўтар.
Паводле яго, на сёньняшні дзень тое, што яшчэ ў палове ХХ-га стагодзьдзя было «несуцяшальным папярэджаньнем, цяпер стала рэальнасьцю, ідэалёгіяй дэградацыі асобы».
На думку Зянона Пазьняка, ужо склалася абумоўленая сыстэма гэтай дэградацыі, якая закранула істотныя сфэры сацыяльнага і маральнага жыцьця грамадзтва.
«Існуюць даволі пэсымістычныя прагнозы будучыні, заснаваныя на статыстыцы і дасьледаваньнях. Давер да такіх прагнозаў невялікі, бо ніхто ня можа прадбачыць зьменлівасьць супраціву зьменлівым абставінам. Але тэндэнцыя існуе і ўплывае на паніжэньне», – мяркуе аўтар.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Нью-Ёрку ў лістападзе і ў пачатку 2019 года – у Варшаве.