5 лістапада прадʼявілі абвінавачаньні чатыром супрацоўнікам парталу Tut.by, якія праходзяць абвінавачанымі па «справе БелТА», паведамляецца на партале.
У чым абвінавачваюць?
«Наўмысна з карысьлівай ці асабістай зацікаўленасьці зьдзейсьніла несанкцыянаваныя доступы да кампутарнай інфармацыі» БелТА. Паводле абвінавачваньня, «несанкцыянаваны доступ» суправаджаўся парушэньнямі «сыстэмы абароны» і «пацягнуў за сабой па неасьцярожнасьці прычыненьне іншай істотнай шкоды».
Сума нанесенай шкоды розная ў кожным з выпадкаў і вагаецца ад 3000 да 14 230 рублёў.
Мера стрыманьня: падпіска аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.