Берасьцейскі абласны суд прысудзіў 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму 35-гадовай жыхарцы Пінску, якая ў студзені забіла сваё нованароджанае дзіця.
26 студзеня жанчына нарадзіла дзяўчынку ў сваёй кватэры ў Пінску. Пасьля гэтага, як высьветліла сьледзтва, маці нанесла дзіцяці ня менш за 49 пашкоджаньняў. Нягледзячы на гэта дзяўчынка была яшчэ жывая, тады маці задушыла яе, сьціснуўшы шыю.
У судзе жанчына казала, што не наўмысна забіла дачку, а павалілася на яе некалькі разоў ад пасьляродавай слабасьці.
Як раней паведамлялі ў Сьледчым камітэце, жанчына выклікала «хуткую дапамогу», бо ў яе быў моцны крывацёк пасьля родаў. Зь лякарні паведамілі ў міліцыю, што да іх трапіла жанчына з падазрэньнем на выкідыш.
Калі міліцыянты прыехалі ў кватэру, то знайшлі цела дзяўчынкі ў дамскай сумачцы жанчыны, загорнутае ў пакет.
Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза прыйшла да высновы, што жанчына разумела, што робіць.