Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 мультфільмаў з «Анімаёўкі», якія варта пабачыць дзецям і дарослым. Трэйлеры


Узнагароды «Анімаёўкі»
Узнагароды «Анімаёўкі»

На міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2018» журы адзначыла дзьве мультыплікацыйныя стужкі «Беларусьфільма». Кінастудыя на конкурс прадставіла 12 фільмаў, адзін зь іх на беларускай мове.

Сьцісла пра вынікі фэстывалю

Сёлета на «Анімаёўцы», якая праходзіла 21-ы раз, былі прадстаўленыя стужкі з 47 краінаў. На асноўны конкурс экспэртная камісія адабрала 61 анімацыйны фільм і 54 стужкі на конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасьці. 37 работ сталі пераможцамі ў розных намінацыях. На ўрачыстым закрыцьці ў магілёўскім кінатэатры «Радзіма» іх уганаравалі прызамі «Крыштальны аловак» і дыплёмамі.

Гран-пры фэсту дастаўся стужцы італьянскага рэжысэра Мішэля Бэрнардзі (Michele Bernardi) «Мэркурый (Мercurio)».

Кінатэатар «Радзіма» ў дні «Анімаёўкі»
Кінатэатар «Радзіма» ў дні «Анімаёўкі»

У намінацыі «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм» перамагла расейскамоўная стужка рэжысэра Ігара Воўчака «Волчишко».

Адзіны на фэстывалі беларускамоўны мультфільм «У Палесьсі на балоце» адзначаны заахвочвальным дыплёмам «За таленавітае ўвасабленьне беларускага фальклёру».

Якія фільмы з «Анімаёўкі» варта паглядзець

Свабода з дапамогай чальцоў журы выбрала найлепшыя мультфільмы зь сёлетняй «Анімаёўкі», якія варта паглядзець. Свае прапановы агучылі рэжысэр-аніматар Міхаіл Тумеля, сцэнарыст ды драматург Алена Турава зь Беларусі, а таксама мастак-аніматар з Расеі Сьцяпан Бірукоў.

«Мercurio» («Мэркурый»)

Фільм італьянскага рэжысэра Мішэля Бернардзі (Michele Bernardi).

Перамога ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм фэстывалю». Стужка пра юнага раварыста, перад вачыма якога праходзіць гісторыя паўстаньня і абрынаньня фашызму ў Італіі.

Фрагмэнт з італьянскага мультфільма «Мercurio»
Фрагмэнт з італьянскага мультфільма «Мercurio»

«Bullet Time» (Час кулі)

Фільм нідэрдляндзкага рэжысэра Фрода К’юпэрса (Frodo Kuipers).

На «Анімаёўцы» адзначаны заахвочвальным дыплёмам «За дакладнае анімацыйнае пацэльваньне». Стужка зробленая ў стылі вэстарну. Двое каўбояў на дуэлі. Вылецеўшы зь пісталетаў, іхныя кулі закахаліся і забыліся на тое, што мусяць рабіць...

«La Boîte» («Скрынка»)

Фільм групы маладых францускіх рэжысэраў, выпускнікоў студыі ESMA.

Перамога ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм для дзяцей». Стужка пра пажылога адзінокага мужчыну, які злавіў назойлівае мышанё. Гісторыя іх узаемаадносін прыводзіць да сяброўства...

«Волчишко» («Ваўчок»)

Фільм беларускага рэжысэра Ігара Воўчака. Стужка перамагла ў намінацыі «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм». Мультфільм зроблены паводле аднайменнага апавяданьня мастака-ілюстратара з Расеі Яўгенія Чарушына. Герой стужкі — ваўчаня, якое чалавек прынёс у свой дом зь лесу і спрабаваў прыручыць. Крыху пажыўшы сярод людзей і свойскіх жывёлаў, зьведаўшы няволю, зьвераня ўцякло ў лес.

Аўтар мультфільма «Волчишко» і аўтар ідэі фэстывалю анімацыйных фільмаў Ігар Воўчак
Аўтар мультфільма «Волчишко» і аўтар ідэі фэстывалю анімацыйных фільмаў Ігар Воўчак

«5 минут до моря» («5 хвілін да мора»)

Мультфільм расейскай рэжысэркі Натальлі Мірзанян. Пераможца ў намінацыі «Найлепшы рэжысэр анімацыйнага фільма». Фільм пра ўспрыняцьце часу дзецьмі і дарослымі. Васьмігадовая дзяўчынка хоча купацца ў моры, не вылазячы зь яго. Маці ж прымушае яе рабіць пяціхвілінныя перапынкі, якія для дзіцяці вечнасьць. Дзяўчынка разглядае суседзяў на пляжы, для якіх тыя пяць хвілінаў прабягаюць па-рознаму, але напоўненыя чаканьнем свайго мора.

«У Палесьсі на балоце»

Мультфільм адзначаны заахвочвальным дыплёмам «За таленавітае ўвасабленьне беларускага фальклёру». Праца маладых аніматараў зь «Беларусьфільма». Стужка зробленая паводле беларускіх легендаў і паданьняў. У ім чатыры гісторыі аб прыгодах хлопчыка, які знаёміцца пасярод палескага балота з Цмокам, Красьлюдкай, Крыжацікам і Малімонам. Кожны эпізод мультфільма прысьвечаны адной з гэтых істот.

«Fuse» («Узрываць»)

Мультфільм нямецкай рэжысэркі Шадзі Адыб (Shadi Adib) адзначылі заахвочвальным дыплёмам «За яскравы анімацыйны пратэст нематываванай жорсткасьці».

У аснове сюжэту фантазіі пра забойства. Людзі абмяркоўваюць, як забіць злоўленую жывёлу. Спрэчка перарастае ў сварку, і ўжо людзі шукаюць спосаб, як забіць адно аднаго. У канцы стужкі гучыць прапанова адпусьціць жывёлу.

З гісторыі «Анімаёвак»

Першая «Анімаёўка» прайшла ў Менску ў 1998 годзе, а наступныя — ужо ў Магілёве. Прапанаваў праводзіць фэстываль анімацыйных фільмаў мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Воўчак. Ён ачольваў экспэртную камісіі фэстывалю.

Журы фэстывальнага конкурсу ў першым радзе
Журы фэстывальнага конкурсу ў першым радзе

Заснавальнікі фэстывалю — Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам. Як у мінулыя гады, сёлета ў Міжнародным журы фэсту старшыняваў заслужаны дзеяч мастацтваў Расейскай Фэдэрацыі Леанід Носыраў.

У 2017 годзе адмысловы дыплём і прыз «Вялікі крыштальны аловак» на фэстывалі атрымала анімацыйная стужка And The Moon Stands Still беларускай рэжысэркі Юліі Рудзіцкай. Яе працу прадстаўлялі як беларуска-нямецка-амэрыканскі праект.

Найбольш беларускамоўных стужак на фэстывалі было ў 2012 годзе: «Беларускія прымаўкі» рэжысэра Міхаіла Тумелі, «Дзед» Аляксандра Ленкіна, «Як Несьцерка шчасьце сваё знайшоў» Ігара Воўчака ды «Піліпка» Тацяны Кубліцкай.

Рэжысэр-аніматар, аўтар мультфільма пра «Піліпку» Тацяна Кубліцкая вучыць дзяцей рабіць мульцікі
Рэжысэр-аніматар, аўтар мультфільма пра «Піліпку» Тацяна Кубліцкая вучыць дзяцей рабіць мульцікі

Гэтыя мультфільмы рэдка паказваюць на беларускай тэлевізіі, хоць на міжнародных фэстывалях яны рэгулярна становяцца пераможцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG