Рэпартаж Свабоды з трэніроўкі ўдзельніцы Менскай гарадзкой аматарскай футбольнай лігі — каманды пад назвай «Аўтазак», у якой сабраліся праваабаронцы, выкладчыкі, журналісты, айцішнікі, урбаністы.
У камандзе больш за дваццаць гульцоў, трэніроўкі яны праводзяць у менскім парку Горкага, гульні з супернікамі — на стадыёне комплексу «Алімпійскі» побач з Палацам воднага спорту.
Асобныя гульцы самі пабывалі ў аўтазаках
Асацыяцыя аматарскага футболу Менску аб’ядноўвае больш за шэсьць дзясяткаў калектываў, якія спаборнічаюць у самых розных фарматах — ад вялікага футболу (11×11) да «ўсечаных» варыянтаў (8×8, 6×6) на малой пляцоўцы.
«Аўтазак» спаборнічае ў другім дывізіёне «васьмёрак» і зорак зь неба не хапае. Адзіны, хто меў досьвед выступаў за прафэсіяналаў, — Міхаіл Горнак, экс-гулец «МТЗ-РІПО» і «Крумкачоў». З кожным сэзонам ахвотных гуляць болей, а таму не адкідаюцца варыянты пераходу на поўны кадравы камплект.
Гісторыя каманды бярэ пачатак ад 2011 году, калі ў выніку драматычных падзеяў Плошчы-2010 сотні беларусаў прайшлі праз аўтазакі, пастарункі, суды і месцы зьняволеньня.
Летам 2011 году ў рамках музычнага фэстывалю ў Санкт-Пецярбургу праходзіў аматарскі турнір. Падаючы заяўку ад Менску, жартам ці сур’ёзна хтосьці прапанаваў актуалізаваць гарачыя падзеі на радзіме. Тым больш што многія хлопцы на той момант ужо пазнаёміліся зь міліцэйскімі дубінкамі і пастарункамі.
Татуіроўкі з клюбнай эмблемай
А ў кастрычніку адзін з ідэйных натхняльнікаў праекту Павал Дзяркач заснаваў клюб «Аўтазак» на сталай аснове, пачаўшы гуляць спачатку ў турнірах D.I.Y. (літаральна — «Зрабі гэта сам»), а потым і ў аматарскай лізе. З таго складу сёньня засталіся адзінкі. Але адпаведную загартоўку маюць і новыя гульцы.
«У нас людзі актыўныя ў розных кірунках — у творчых ініцыятывах, у грамадзянскіх праектах, — кажа паўабаронца Ягор Калесьнік, да нядаўняга часу камэнтатар інтэрнэт-трансьляцый клюбаў вышэйшай лігі „Шахцёр“ і „Слуцак“. — Так, некаторыя ходзяць на мітынгі, выступаюць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Ну, і здараецца, што сядзяць на сутках — як той жа Ільля Шыла. Ужо ёсьць нават першыя татуіроўкі з нашай эмблемай. Паўтару, хлопцы актыўныя ва ўсім: у „Аўтазаку“ тыя, каму ня пофіг».
У сярэдзіне кастрычніка Ягор Калесьнік змантаваў паўгадзінны дакумэнтальны фільм «Розныя. Роўныя», у якім расказвае гісторыю каманды і дае слова галоўным героям.
Уласны аўтазак для паездак на матчы
Няцяжка здагадацца, што за выява на клюбнай эмблеме — міліцэйскі аўтазак. Праўда, за гэтыя гады карцінка зазнала істотныя зьмены: у агрэсіўную машыну для перавозкі зьняволеных вырашылі закласьці мэсэдж пра мірныя перамены. Транспарт перафарбавалі ў ружовы колер, на даху прымацавалі марозіва і зьмясьцілі заклік «Пакаштуй!».
«Асабіста я больш катаўся ў „пазіках“ і ў старых шэрых аўтазаках — мабыць, разы 3–4, — далучаецца адзін з вэтэранаў каманды, былы лідэр моладзевага руху „Рада“, а цяпер урбаніст Алесь Крот. — Гэта калі спэцназаўцы закідваюць — і адразу на суд, пратакол ужо не праходзіць. Зрэшты, у „мазаўскім“ таксама не адмовіўся б праехаць, каб паглядзець, як там штабялямі народ укладаюць. Наагул, для нас гэта мае сымбалічнае значэньне: уся краіна — аўтазак».
Слоган сёньняшняй каманды — «Розныя. Роўныя», вынесены ў назву фільму. Адна з галоўных ідэяў — барацьба з дыскрымінацыяй у любой яе форме. На гэтай хвалі футбалісты нават паспрабавалі наладзіць супрацу зь сілавікамі: папрасілі праз твітэр ГУУС Менгарвыканкаму, каб далі «клюбны аўтобус» зьезьдзіць на гульню — маўляў, час выходзіць за рамкі канфрантацыі. Адказу так і не атрымалі.
Летась міліцэйскае ведамства выставіла адзін з аўтазакаў на аўкцыён. Праўда, цана была завысокая, каб набыць нават у складчыну.
«Ацанілі яны яго, калі не памыляюся, у 10 тысяч рублёў, — кажа Ягор Калесьнік. — Ясна, што мы такую суму ніяк не пацягнем. Але насамрэч такая мара ёсьць — прыяжджаць на гульні нашай лігі на ўласным размаляваным аўтазаку. Было б крута».
Былы «палітпрызыўнік» і цяперашні трэнэр
Трэніруе «аўтазакаўцаў» на грамадзкіх асновах былы «палітпрызыўнік», актывіст Зьміцер Хведарук, які некалькі разоў адбываў пакараньне па адміністратыўных справах. Ці ёсьць у трэнэра амбіцыі вывесьці сваіх выхаванцаў у вышэйшыя футбольныя колы? У свой час менскія «Крумкачы» таксама стартавалі з кампаніі сяброў-аднадумцаў, а ў нейкі момант сталі ньюсмэйкерамі беларускага футболу.
«Усё залежыць ад амбіцый, — адказвае Зьміцер. — Якія амбіцыі ў „Аўтазака“? „Напакаваць“ як мага больш харошых людзей, зьяднаць іх, а ўсё астатняе — нажыўное. Футбол — гэта сацыяльная зьява, а ня тое, што зь яго хочуць зьляпіць у Беларусі. Для ўдзелу ў вышэйшай лізе трэба мільён даляраў — тым часам у краіне не хапае мэдычных прыбораў, каб ратаваць жыцьцё людзей. Таму „Аўтазак“ — перадусім сяброўская зьява».
Апроч футболу, хлопцаў аб’ядноўвае шмат іншых інтарэсаў. Напрыклад, роварныя паездкі па некалі знакавых, а цяпер закінутых мясьцінах Беларусі.
Сёньня стыкеры з выявай «Аўтазака» можна сустрэць у барах ды на звычайных слупах па ўсім сьвеце, ад Злучаных Штатаў да Шры Лянкі. «Аўтазакаўцы» ладзяць сумесныя паходы на культурніцкія імпрэзы, сустракаюцца, каб абмеркаваць надзённыя пытаньні.
Усе футбалісты маюць грамадзянскую пазыцыю. Валдзіс Фугаш, праваабаронца з «Human Constanta», у футбольнай камандзе ад 2015 году. Быў адным з тых, каго летась у ліку 57 чалавек затрымалі ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Тады, праўда, для затрыманых падагналі не аўтазакі, а міліцэйскія аўтобусы.
«Трапіў у „Аўтазак“ досыць выпадкова, — кажа Валдзіс. — Але хлопцы адразу спадабаліся, у калектыве цудоўная атмасфэра, таму я тут. Наагул, яшчэ засьпеў часы, калі мы дамагаліся мэдалёў, бралі кубкі, езьдзілі на турніры. Але апошнія два гады каманда ў серадняках. Справа ў тым, што дывізіён, дзе адпачатку выступалі, — ня столькі пра футбол, колькі пра салідарнасьць. Цяпер жа супернікі заточаныя на вынік, там шмат рэальна крутых гульцоў».
З футбольнай зоркай Аргентыны
Тыдзень таму «аўтазакаўцы» апынуліся ў ліку чатырох аматарскіх камандаў, запрошаных на адкрытую трэніроўку легенды сусьветнага футболу, экс-гульца зборнай Аргентыны Хаўера Дзанэці — зь яго ўдзелам у Менску адкрылі футбольную акадэмію італьянскага «Інтэра», дзе ён цяпер віцэ-прэзыдэнт.
Ці давялося тлумачыць замежнай футбольнай зорцы, што азначае назва каманды? — пытаемся ў гульцоў.
«Працэдура ў турніры стандартная: заяўка ад каманды, у якой прапісваем прозьвішча, пашпартныя дадзеныя, — тлумачыць гулец „Аўтазака“ Павал Кузьміч. — Ніякіх праблемаў. Калі заяўляліся на трэніроўку з Дзанэці, таксама думалі, што могуць быць нюансы, бо там і чыноўнікі, і дзяржпрэса. Але ні да назвы, ні да лягатыпу не чапляліся. Што да Дзанэці, то ні з кім ён асабліва не тусіў, проста вясельны генэрал. Маркетынгавы ход арганізатараў».
Нацыянальна арыентаваная каманда
Адзін з абаронцаў Віталь Зыблюк, колішні рэдактар «Эўрарадыё», прыхварэў, стаіць ля броўкі, назірае за трэніроўкай. Кажа, што вырашальнай пры выбары каманды стала атмасфэра ўнутры калектыву.
«Цікавы падбор асобаў, якія аднадумцы ня толькі ў футболе, а і ў жыцьці, — кажа Зыблюк. — Сачыў і раней, бо з братамі Шыламі спачатку гулялі ў іншай камандзе, а Іван паралельна пасьпяваў выступаць і за іх. Таму ведаў, што там адбываецца. Ну, і наагул сама назва, падыход — прыкольна, незвычайна, нестандартна. Як „Крумкачы“ ў сваім пачатку. Хто ведае? Людзей стала шмат, на гульні прыходзяць па два склады. Магчыма, заявімся ў 11×11, а там і ў другую лігу, у прынцыпе, ня так і дорага».
Віталь кажа, што «Аўтазак» — фактычна адзіная беларускамоўная, нацыянальна арыентаваная і дэмакратычная каманда на футбольнай мапе Беларусі.
З гэтым пагаджаецца ўладальнік клінінгавай кампаніі, нападнік Іван Шыла.
«Шмат людзей, якіх ня трэба лішні раз прадстаўляць — Зьміцер Хведарук, Алесь Крот, Валдзіс Фугаш, грамадзкія актывісты, журналісты, — пералічвае ён. — Таму відавочна, што гэта ня проста выпадковы калектыў. Раней я гуляў зь людзьмі, якія зьбіраліся кожны тыдзень і проста ганялі мяч пасьля працы. А тут мы аднадумцы, падзяляем аднолькавыя каштоўнасьці, і ў гэтым наша прынцыповае адрозьненьне ад іншых».
Як кажа Іван Шыла, «Аўтазак» нікога не капіюе, але хоча быць заўважнай аматарскай камандай:
«Камандай з кляснымі сацыяльнымі сеткамі і адкрытымі трэніроўкамі, на якія можа трапіць кожны ахвотны. Нездарма наш дэвіз — аб’ядноўваць у супольнасьць выдатных людзей на прынцыпах агульных каштоўнасьцяў і любові да футболу», — падсумоўвае футбаліст-аматар.
Наступную сустрэчу «Аўтазак» правядзе ў пятніцу 26 кастрычніка. Пачатак у 20.30 на штучным газоне САК «Алімпійскі», супернік — каманда «ФК-2004».