Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава аштрафаваныя судом Жабінкаўскага раёну на 1.715 рублёў


Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.

Берасьцейскія незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 16 кастрычніка былі аштрафаваныя судзьдзём суду Жабінкаўскага раёну Дзьмітрыем Куроўскім на 1.715 рублёў.

Як перадае БелаПАН, журналістаў абвінавацілі ў працы на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП. У прыватнасьці размова ішла пра выраб для польскага тэлеканалу «Белсат» сюжэту, у якім гаварылася аб масавых выпадках чумы сьвіней у Жабінкаўскім раёне ў канцы жніўня сёлета.

Журналісты не прысутнічалі на працэсе і даведаліся пра рашэньне суду толькі ўвечары 19 кастрычніка. У выніку Ляўчук павінен выплаціць 50 базавых велічынь (1.225 рублёў), Харытонава — 20 базавых (490 рублёў).

«Ужо два месяцы ўлады мэтадычна і сыстэмна ціснуць на мяне і Мілану Харытонаву. Да нас дадому прыходзіць міліцыя, нас супрацоўнікі міліцыі дэманстратыўна сустракаюць каля крамы і школы, дзе вучыцца наша дзіця. Я не выключаю, што ўлады такім чынам адпрацоўваюць новы закон аб СМІ. Не выключана таксама, што ў краіне рыхтуюцца нейкія падзеі, пры якіх уся незалежная прэса мусіць быць узятая пад поўны кантроль», — сказаў Ляўчук.

Харытонаву і Леўчука на наступным тыдні чакаюць яшчэ два працэсы: 23 кастрычніка ў судзе Камянецкага раёну, а 25-га — зноў у судзе Жабінкаўскага раёну. Акрамя таго, яны павінны 21 кастрычніка ў 12.00 зьявіцца ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Адамкоўскай ў Берасьці. Якраз у гэты час на плошчы Леніна абласнога цэнтру пачнецца традыцыйная сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG