Раён Новы сьвет стаў горадзенскім сымбалем чаканьня Лукашэнкі.
Дворнікі мятуць лісьце, якога няма, маляры фарбуюць дамы, у якіх ніхто не жыве, пад’ёмныя краны прыехалі на закінутую пляцоўку, каб нічога не пабудаваць. Горадня падрыхтавалася да візыту Аляксандра Лукашэнкі, які чакаецца 19 кастрычніка.
Спачатку Лукашэнку чакалі 5 кастрычніка, але ён не прыехаў.
Цяпер чакаюць ягоны верталёт, які прызямліцца ў лесапарку Пышкі на ўскрайку гораду. Пляцоўку пад яго за тыдзень да візыту абцягнулі стужкай, а напярэдадні яе прыбралі. Цэлы тыдзень дворнікі зьбіралі лісьце ў Пышках. За дзень да прылёту там пуста.
Учора парадкавалі тэрыторыю абласнога шпіталю, які месьціцца насупраць лесапарку.
Лукашэнка зьбіраецца наведаць спартовы комплекс у лесапарку Пышкі, дзе паўтара года таму адкрыўся футбольны манэж, і ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, дзе мае сустрэцца са студэнтамі.
Шлях, па якім паедзе картэж, можна было прасачыць загадзя па тым, дзе наводзілі прыгажосьць. Бадай што, найбольш дамоў пафарбавалі па вуліцы Горкага.
Рабочыя ўзяліся і за ўнікальны для Горадні раён драўлянай забудовы Новы сьвет. Нягледзячы на абурэньне абаронцаў спадчыны, ён плянуецца пад знос. Некаторыя дамы знаходзяцца ў аварыйным стане і адселеныя. Аднак перад прыездам Лукашэнкі нават іх пачысьцілі, пафарбавалі і ўставілі новыя вокны.
Да таго ж за тыдзень да прыезду Лукашэнкі ў Горадні зладзілі «рэпэтыцыю» супрацоўнікі ДАІ. У вечаровы час на «прэзыдэнцкім маршруце» адключылі сьвятлафоры і паставілі рэгуліроўшчыкаў. У выніку частка гораду стаяла ў вялікім заторы.
Яшчэ адна рэпэтыцыя прайшла напярэдадні ў чацьвер, калі па вуліцы Горкага праехаў картэж зь мігалкамі.
На пляцоўцы пад будучы студэнцкі гарадок для галоўнай гарадзкой ВНУ каля кола вуліц Дубко — Дзяржынскага — Брыкеля зьявіліся будаўнічыя краны.
Работы тут пачаліся яшчэ ў 2014 годзе. Тады тэрыторыю абгарадзілі плотам і выкапалі катлаван пад фундамэнт інтэрнату. Апрача інтэрнату, тут запраектавалі чатыры вучэбныя карпусы, асобную спартовую залю, забаўляльны корпус, бібліятэку. Аднак будоўлю прыпынілі — не было грошай, пакуль... у горад не сабраўся прэзыдэнт.
Каля галоўнага корпуса ўнівэрсытэта таксама робяць прыгожа. Рабочыя зьмятаюць жоўтыя лісты, якіх амаль не засталося.
Дробнай недапрацоўкай на вуліцы Горкага засталася расколіна ў мосьце праз ручай Юрыздыку. Аднак побач з адноўленымі фасадамі можна яе і не заўважыць.