Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад пакараньня залежыць мой лёс». Апошняе слова абвінавачаных і дата прысуду ў справе Коржыча


Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч падчас суду, 8 жніўня
Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч падчас суду, 8 жніўня

Вырак у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча будзе агучаны 5 лістапада.

18 кастрычніка на працэсе ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча тры падсудныя сяржанты выступілі з апошнім словам. Усе яны заявілі, што ня лічаць сябе вінаватымі ў сьмерці салдата і прызналі некаторыя іншыя факты правапарушэньняў, пра якія стала вядома на працэсе.

«З асноўнымі фактамі, агучанымі на працэсе, я згодны, — заявіў Яўген Бараноўскі. — Іх я прызнаю і раскайваюся ў зробленым. Што тычыцца давядзеньня да самагубства Аляксандра Коржыча — гэтага не было. Я ня ведаю, як гэта патлумачыць».

Абвінавачаны Ягор Скуратовіч гаварыў значна даўжэй за Бараноўскага. Ён таксама паведаміў суду, што разумее сваю віну ва ўчыненым, аднак адмаўляе датычнасьць да самагубства Аляксандра Коржыча.

«Хабар прызнаю, гэта было даказана ў судзе, я гэта рабіў, – сказаў Скуратовіч. – Я вельмі прашу аб’ектыўна ацаніць абставіны, у якіх учыняліся правапарушэньні, і прыняць рашэньне аб пакараньні згодна зь імі. Ад гэтага залежыць мой далейшы лёс».

Найбольш ляканічна выказаўся абвінавачаны Антон Вяжэвіч. Ён толькі папрасіў прабачэньня ў пацярпелых, выказаў спачуваньні Сьвятлане Коржыч і паведаміў, што ва ўсім зробленым раскайваецца.

Вырак у справе аб сьмерці Коржыча агучаць 5 лістапада ў 17.00.

17 кастрычніка падчас судовых спрэчак пракурор Шарсьнёў папрасіў пакараць Яўгена Бараноўскага 9 гадамі пазбаўленьня волі, Ягора Скуратовіча – 6 гадамі, Антона Вяжэвіча – 7 гадамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG