Паводле паведамленьняў турэцкай прэсы, да зьнікненьня савудаўскага журналіста і дысыдэнта Джамаля Хашокджы ў Стамбуле мае дачыненьне каманда з 15 чалавек, якая спэцыяльна дзеля гэтага прыбыла ў Стамбул з Эр-Рыяду.
Турэцкія газэты публікуюць стоп-кадры відэазапісаў камэраў назіраньня і дадзеныя ўліку авіяпасажыраў, якія сьведчаць, што 2 кастрычніка, калі Хашокджы ўвайшоў у кансулят Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле, рознымі шляхамі ў Стамбул прыбыла каманда з 15 савудаўскіх афіцэраў спэцназу і выведкі, уключна са спэцыялістам судова-мэдычнай экспэртызы.
Паводле распаўсюджаных у турэцкай прэсе і сацыяльных сетках меркаваньняў, Джамаль Хашокджы быў забіты ў савудаўскім кансуляце і потым, хутчэй за ўсё, расьсечаны на часткі, каб такім чынам лягчэй схаваць факт яго ліквідацыі. Існуе таксама вэрсія, што Хашокджы быў патаемна вывезены спэцыяльнай камандай з кансуляту.
Пра зьнікненьне савудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы стала вядома 2 кастрычніка. Паводле расповеду яго нявесты, якая засталася чакаць перад кансулятам, ён увайшоў у савудаўскі кансулят у Стамбуле і больш адтуль не выходзіў. Празь пяць гадзінаў чаканьня супрацоўнік дыпляматычнай місіі заявіў ёй, што Хашокджы «сышоў» і няма сэнсу яго чакаць.
Джамаль Хашокджы — дырэктар тэлеканалу Al Arab News, які супрацоўнічаў з многімі арабскімі і заходнімі СМІ. Ён вядомы крытычнымі выказваньнямі наконт цяперашняй палітыкі Эр-Рыяду. Цягам апошняга году Хашокджы жыў у Вашынгтоне і пісаў у The Washington Post.
Амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп сказаў, што ЗША «патрабуюць» адказу ад ураду Савудаўскай Арабіі і будуць супрацоўнічаць з Турэччынай, каб высьветліць, што насамрэч здарылася з Хашокджы.
«Гэта вельмі сур’ёзная сытуацыя для нас і для Белага дому, — сказаў Трамп журналістам 10 кастрычніка. — Я хачу паглядзець, што адбываецца, і мы вельмі цесна супрацоўнічаем з Турэччынай, і я думаю, што мы дабяромся да сутнасьці».
Паводле прэс-сакратара Белага дому Сары Сандэрс, міністар абароны ЗША Майк Пампэо і дзяржсакратар ЗША Джон Болтан гаварылі з савудаўскім насьледным прынцам Мухамадам бін Салманам, просячы ў яго інфармацыі пра зьніклага журналіста.