З моманту трагічнай гібелі салдата ў барысаўскіх Печах прайшло больш за год. Яе абставіны невядомыя дагэтуль.
Труп салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча выпадкова знайшлі павешаным у падвале будынку мэдыцынскай роты барысаўскіх Печаў 3 кастрычніка 2017 году. Са зьвязанымі шнурком ад берцаў нагамі і накінутай на галаву разарванай майкай. Афіцыйную вэрсію агучылі амаль адразу – самагубства. Маці салдата Сьвятлана Коржыч у гэта ня верыць. Дзякуючы яе актыўным дзеяньням пра справу даведаліся незалежныя журналісты, гісторыя атрымала вялікі розгалас.
Яго вынікам сталі дзясяткі арыштаваных вайскоўцаў і крымінальныя справы за дзедаўшчыну па ўсёй краіне. Аднак нават праз год пасьля трагічных падзеяў сапраўдныя прычыны сьмерці Аляксандра Коржыча застаюцца нявысьветленымі. Суд па яго справе быў двойчы прыпынены, а на лаве падсудных - толькі трое сяржантаў, якіх абвінавачваюць у давядзеньні да самагубства.
Сёньня ў 20.05 паводле менскага часу вы зможаце паглядзець на нашым сайце фільм «Шараговае самагубства», падрыхтаваны журналістамі Радыё Свабода для тэлеканалу «Настоящее время».