Праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем затрымалі 5 кастрычніка, піша БелаПАН.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, на затрыманага склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і да суду зьмясьцілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Канстанцін Астапук не палітычны актывіст, ён выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, які ў будучыні можа нанесьці шкоду здароўю берасьцейцаў.
Раней Астапук распавёў Свабодзе, што за працяг пратэстаў яму пагражаў турмой намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Берасьця Мікалай Самасюк.
Канстанціна Астапука ўжо затрымлівалі 30 верасьня пасьля збору праціўнікаў акумулятарнага заводу на цэнтральнай плошчы Берасьця. Разам зь ім затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. Каля сутак берасьцеец правёў у ізалятары. 4 кастрычніка Астапука аштрафавалі на 343 рублі, Пятрухіна — на 1225 рублёў.