У Беластоку на пятым Ўсходнім эканамічным кангрэсе, прысьвечаным разьвіцьцю Падляшша, шмат гаварылі аб пэрспэктывах супрацы Польшчы і Беларусі. Дэталі зь месца падзеі ад карэспандэнта Свабоды.
Беларуская дэлегацыя бярэ ўдзел у форуме разам з прадстаўнікамі дзяржаўных ведамстваў і прадпрымальніцкіх колаў з Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Францыі, іншых дзяржаваў.
Падляскі ваявода Богдан Пашкоўскі, адкрываючы кангрэс, казаў пра форум як «сустрэчу Ўсходу і Захаду», бо разьвіцьцё Польшчы ня можа адбывацца асобна ад суседзяў. На яго перакананьне, Польшчы нельга канцэнтравацца толькі на заходнім кірунку, забываючыся пра Беларусь і Літву. Рэгіянальная супраца — падмурак дзеля пасьпяховага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, падкрэсьліў ваявода, і міжнародныя кантакты такога кшталту патрэбныя, каб максымальна спрасьціць узаемапранікненьне новых ідэяў і капіталаў.
Паводле прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, які даслаў зварот удзельнікам форуму, у падляскі рэгіён да 2020 году будзе ўкладзена 2 мільярды эўра, тут далей ствараюцца спрыяльныя ўмовы для прадпрымальнікаў, прэфэрэнцыі для адкрыцьця ўласнай справы. Цяпер польская эканоміка дэманструе беспрэцэдэнтны рост, ці не найбольшы на эўрапейскім кантынэнце — да 10%.
Да Лукашэнкі Беларусь імкнулася ў Эўразьвяз
Госьць кангрэсу экс-міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка расказаў, што напачатку 1990-х з удзелам эўрапейскіх экспэртаў быў распрацаваны стратэгічны плян уваходу Беларусі ў структуры Эўразьвязу. Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі замежнапалітычны вэктар быў перагледжаны на карысьць усходу, што адыграла вырашальную ролю для залежнасьці ад Расеі.
«На жаль, на пачатку 1990-х Беларусі не атрымалася папоўніць эўрапейскую сям’ю. Але гэтую місію годна выконвае наш сусед — Рэспубліка Польшча», — заявіў Краўчанка. Цяперашнія спробы афіцыйнага Менска дывэрсыфікаваць свае замежныя адносіны, пашырыць кантакты з Захадам, на думку Краўчанкі, ухвальныя, але прыпозьненыя.
Краўчанка заклікаў польскіх бізнэсоўцаў больш уважліва паглядзець у бок Беларусі, дзе ёсьць вялікая запатрабаванасьць у тэхналёгіях і сродках. Хоць і прызнаў, што існуе праблема недатыкальнасьці інвэстыцыяў і абароны прыватнай уласнасьці.
Сусед, якога Польшчы даводзіцца адкрываць наноў
У рамках Усходняга эканамічнага кангрэсу польска-беларускім дачыненьням была прысьвечаная асобная панэль.
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі стан цяперашніх адносінаў ахарактарызаваў так: сусед, якога трэба адкрываць наноў. Ён нагадаў, што працяглы час міждзяржаўнае супрацоўнітва было абмежаваным. Да таго ж Беларусь і Польша належаць да дзьвюх розных эканамічных сыстэмаў: Варшава зрабіла стаўку на свабодны рынак. Беларусь жа ў супрацы з Захадам абрала мінімалістычны шлях, у тым ліку ў рамках ініцыятывы «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу.
Амбасадар Міхальскі кажа, што апошнім часам сытуацыя зьмяняецца, зьяўляецца зацікаўленасьць у супрацы. Палякі і беларусы з натуральных прычынаў узаемна блізкія — дастаткова гэтаму працэсу не перашкаджаць, лічыць ён. Кантактам мог бы паспрыяць двухбаковы малы памежны рух, дамова аб якім была падпісаная Варшавай і Менскам у 2010 годзе, але якую беларускія ўлады дагэтуль ня ўводзяць у дзеяньне.
Беларускія рызыкі для польскіх інвэстараў
Сяргей Ткачэнка, кіраўнік адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст», заклікаў польскіх калегаў зьвярнуць увагу на выгадныя ўмовы гаспадараньня, які прапануе беларускі бок. Сёньня тут амаль сем дзясяткаў рэзыдэнтаў, абарот за апошнія гады вырас на траціну.
«Свабодная эканамічная зона „Гроднаінвэст“ — утварэньне, якое мае досыць сур’ёзныя аб’ёмы і дзе рэальна рэалізаваць якія-хаця амбіцыі», — заявіў ён.
Паводле Ткачэнкі, актыўнасьці спрыяе падатковае заканадаўства: да вызваленьня ад зямельнай платы на час рэалізацыі праекту дадаўся заяўны прынцып знаходжаньня тавараў на тэрыторыі зоны. Дапамагае магчымасьць 10-дзённага бязьвізавага ўезду ў рэгіён.
Аднак статыстыка сьведчыць пра аслабленьне польска-беларускай каапэрацыі: польскія інвэстыцыі зьніжаюцца — ад колішніх 40% у агульнай вазе да 17%. Месцы палякаў займаюць бізнэсоўцы з Аўстрыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Расеі.
Шэсьць гадоў таму была створана Асацыяцыі польскага бізнэсу ў Беларусі. Яе старшыня Анатоль Вялікін расказаў, што ў склад арганізацыі ўваходзіць каля 30 кампаніяў, сам ён узначальвае фірму «Белпласт Інтэрнэшнл». Зь ягонага досьведу вынікае, што стварэньне сумесных вытворчасьцяў цалкам рэальнае, хоць праблемаў хапае. Недасканалая нарматыўная база — у прыватнасьці, у мытнай галіне — кладзецца дадатковай нагрузкай на прадукцыю, кошт якой падвышаецца.
Тым ня меней, шэраг польскіх кампаніяў, такія як Atlas, Inco-Food ці Idea Bank, дэманструюць прыклад пасьпяховых укладаньняў, яны забясьпечваюць працоўнымі месцамі тысячы беларусаў.
Польскія бізнэсоўцы, якія бралі ўдзел у абмеркаваньні, казалі, што Беларусь дагэтуль успрымаецца як зона падвышанай рызыкі. Патэнцыйных інвэстараў палохае забюракратызаванасьць, залішні дзяржаўны кантроль, пагроза нацыяналізацыі маёмасьці.
Так званых інвэстыцыйных дамоваў, якія замежных бізнэсоўцаў прымушаюць падпісваць з уладамі, няма нідзе ў Эўропе. Калі ў іншых выпадках дастаткова пагадненьняў між кампаніямі, то ў Беларусі кожная ўгода з замежным суб’ектам гаспадараньня абрастае вялізнай колькасьцю няпрофільных абавязаньняў.