Суд Івацэвіцкага раёну 1 кастрычніка агучыў прысуд былому дырэктару прадпрыемства «Папраўчая калёнія № 5» за атрыманьне хабару.
Экс-начальніку турэмнай фабрыкі, якая займаецца вытворчасьцю мэблі, прысудзілі пазбаўленьне волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 9 гадоў.
Яго таксама пазбавілі званьня палкоўніка, права займаць адказныя пасады тэрмінам на 5 гадоў, і прызначылі канфіскацыю маёмасьці.
Суд выявіў, што абвінавачаны «ў пэрыяд з 17 сакавіка 2009 году да 4 сакавіка 2013 году атрымаў ад прадстаўніка францускай кампаніі ў якасьці хабару 207 365 эўра за вырашэньне пытаньняў аб магчымасьці заключэньня кантрактаў на пастаўкі мэблі».
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Фабрыка знаходзіцца ў мужчынскай калёніі строгага рэжыму ў Івацэвічах. Прадпрыемства створана ў 1986 годзе з мэтай прыцягненьня асуджаных да працы і вытворчасьці прадукцыі, зьяўляецца вытворчай адзінкай Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі.