Беларусь заняла чацьвёртае месца паводле росту спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР у студзені — жніўні 2018 году. Пра гэта сьведчыць праведзены агенцтвам БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі.
Паводле вынікаў васьмі месяцаў цэны ў краіне павялічыліся на 2,9%. На першых месцах Узбэкістан (6,2%), Украіна і Эстонія (па 3,6%). У Казахстане, як і ў Беларусі, інфляцыя склала 2,9%.
Менш цэны вырасьлі ў Таджыкістане (на 2,8%), Расеі (на 2,4%), Латвіі (на 1,7%) і Літве (на 0,7%).
Цэны зьнізіліся ў Азэрбайджане, Грузіі (на 0,2%), Малдове (на 0,6%), Армэніі і Кіргізстане (на 1,2%). У Туркмэністане апублікаваныя зьвесткі за першае паўгодзьдзе (рост цэн на 8,9%). Паказчыкі па Азэрбайджане, Грузіі і Эстоніі вылічаныя БелаПАН на падставе месячных дадзеных.
Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца ня больш чым на 6%.
У 2017 годзе яны вырасьлі на 4,59% (у студзені—жніўні — на 2,45%, у жніўні — зьнізіліся на 0,79%).