Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра вітамін В6: навошта, калі і колькі


Харчовыя крыніцы вітаміну В6.
Харчовыя крыніцы вітаміну В6.

Сёньня пагаворым пра папулярны на пост-савецкай прасторы вітамін В6. Колькі нам яго трэба? Дзе яго ўзяць? Чым небясьпечны яго недахоп або лішак?

Спажываньне вітаміну B6

B6 — водараспушчальны вітамін. Яго хімічная назва — пірыдаксін, але вы таксама можаце сустрэць троху зьмененыя назвы пірыдаксаль або пірыдаксамін.

Усе формы вітаміну B6 паглынаюцца клеткамі кішэчніка і ператвараюцца ў пірыдаксаль. Праз кроў малекулы пірыдаксалю трапляюць у печань, дзе пераўтвараюцца ў пірыдаксаль фасфат, гэта — біялягічна актыўная форма. Менавіта ў гэтай хімічнай форме вітамін B6 робіць сваю працу ў арганізьме.

Вітамін В6 з прадуктаў харчаваньня засвойваецца ў сярэднім прыкладна на 75%. Вітамін В6 у выглядзе дабавак засвойваецца лепш, прыкладна на 95%.

Уплыў на здароўе

Вітамін В6 неабходны для абмену рэчываў, асабліва для ўтылізацыі бялку праз сынтэз амінакіслот. Амінакіслоты — гэта будаўнічыя блёкі бялкоў.

Акрамя таго, вітамін В6 рэгулюе дзеяньне стэроідных гармонаў і неабходны для кроватварэньня і нармальнага функцыянаваньня імуннай і нэрвовай сыстэм.

Цікава: аральныя кантрацэптывы могуць прывесьці да дэфіцыту вітаміну В6

Разам з вітамінамі В9 і В12 В6 падтрымлівае аптымальны ўзровень гомацэстэіну ў нашым арганізьме.

Без адэкватнага спажываньня В6 парушаецца мэтабалізм амінакіслаты трыптафану. Трыптафан папярэднічае прадукцыі нэйратрансьмітэра сератаніна. То бок без трыптафану немагчымая выпрацоўка сэратаніну. Таму нават адносна невялікі дэфіцыт В6 можа прывесьці да сымптомаў дэпрэсіі.

У разьвітых краінах дэфіцыт В6 сустракаецца адносна рэдка.
Доўгатэрміновы дэфіцыт В6 можа прывесьці да анэміі, нэрвовых разладаў, а таксама паніжанага імунітэту. Істотны недахоп можа прывесьці да сутаргаў.

Крыніцы вітаміну B6

Шмат вітаміну В6 знойдзем у бананах, курынай грудцы, мясе, рыбе, бульбе, гарбузе, кавуне, семках сланечніка, авакада.

У меншых колькасьцях вітамін B6 утрымліваецца ў яйках, арэхах, крупах, бабовых, гародніне, малочных прадуктах.

Колькі вітаміну B6 нам трэба спажываць, каб заставацца здаровымі?

Нормы ўжываньня вітаміну В6 ў розных краінах неістотна адрозьніваюцца. У сярэднім, рэкамэндаваная сутачная норма складае 1.5 мг (жанчыны) або 1.8 мг (мужчыны і цяжарныя жанчыны).

Верхні дапушчальны ўзровень вітаміну В6 складае 25 мг у дзень для дарослых. Для дзяцей гэтая мяжа істотна ніжэйшая (5-15 мг у залежнасьці ад узросту).

Спажываньне алькаголю прыводзіць да разбурэньня вітаміну В6 ў арганізьме.

Вітамін В6 часткова разбураецца пры награваньні.

Зашмат вітаміну B6

На жаль, ня ўсе краіны рэгулююць максымальную колькасьць вітамінаў у БАДах. Таму ў продажы ёсьць сынтэтычныя прэпараты, якія ўтрымліваюць больш, чым максымальна бясьпечная колькасьць В6 (25 мг).

Увогуле, выкарыстаньне вітамінных дабавак для большасьці людзей не зьяўляецца неабходным, бо яно не дае ніякіх дадатковых пераваг для здароўя. Калі вы ўсё ж прымаеце БАДы, то ў мэтах бясьпекі рэкамэндуецца не прымаць больш чым 100 % ад рэкамэндаванай сутачнай нормы. То бок, у выпадку з вітамінам B6 — гэта ня больш за 1,5 мг на дзень.

Вядома, бываюць сытуацыі, пры якіх спэцыяліст можа прызначыць мэгадазіроўку. Напрыклад, цяжарным жанчынам пры таксыкозе часам прызначаюць 25-50 мг вітаміну В6 на дзень. Як правіла, такія інтэрвэнцыі доўжацца нядоўга і здароўю ня шкодзяць. Але самастойна мэгадозы я прымаць ні ў якім разе не рэкамэндую.

Цікава, што сымптомы перадазіроўкі В6 могуць супадаць з сымптомамі дэфіцыту

Доўгае штодзённае прымяненьне занадта высокіх доз сынтэтычнага вітаміну В6 можа выклікаць расстройствы нэрвовых канчаткаў у руках і нагах. Вядома, што доўгатэрміновае штодзённае выкарыстаньне БАДаў, якія ўтрымліваюць больш за 21 мг вітаміну B6, можа прывесьці да так званай пэрыфэрычнай нэўрапатыі. Гэта захворваньне суправаджаецца слабасьцю, здранцьвеньнем або болем у далонях і ступнях.

Магній-В6?

Чаму камбінаваныя прэпараты магнію і вітаміну В6 карыстаюцца (пераважна на пост-савецкай прасторы) вялікай папулярнасьцю — для мяне вялікая таямніца. У навуковай літаратуры гэтая камбінацыя разглядаецца толькі як магчымая тэрапія для дзяцей з аўтызмам (і нават тут эфэктыўнасьць ставіцца пад сумнеў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG