Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мае трэція па велічыні запасы газу ў Эўропе. І неўзабаве можа стаць экспартэрам


Некалькі месяцаў ва ўкраінскім сэктары здабычы газу адбываюцца радыкальныя перамены. Іх мэта — палепшыць умовы​ яго дзейнасьці, што ў пэрспэктыве прывядзе да моцнага росту вытворчасьці. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (Ośrodek Studiów Wschodnich) у Варшаве.

Адзін зь вядучых аналітычных цэнтраў Польшчы нагадвае, што Ўкраіна займае трэцяе месца ў Эўропе па аб’ёме пацьверджаных запасаў прыроднага газу (1,1 трыльёна кубамэтраў). Украіна саступае толькі Нарвэгіі (1,8 трлн) і Расеі (35 трлн). Пры гэтым цягам апошніх дзесяці гадоў, паводле міжнароднай мэтадалёгіі ацэнкі, маштабы ўкраінскіх газавых запасаў вырасьлі на траціну.

«Сярод асноўных рэформаў — зьніжэньне падатковых ставак і дэрэгуляцыя правілаў. Гэтыя зьмены сталі вынікам прынятай у 2016 годзе ўрадавай канцэпцыі разьвіцьця газавага сэктару Ўкраіны, якая прадугледжвае, што ўжо ў 2020 годзе здабыча павялічыцца з сёньняшніх 20 млрд кубамэтраў да 27 млрд», — гаворыцца ў справаздачы OSW.

Як гаворыцца ў рапарце, калі Ўкраіна здолее палепшыць энэргаэфэктыўнасьць, зьменшыўшы спажываньне газу на 15%, яна зможа выйсьці на самазабесьпячэньне гэтай сыравінай і, у далейшай пэрспэктыве, экспартаваць газ.

«Гэта будзе залежаць ад працягу рэформаў здабывальнага сэктару, зьмяншэньня ўзроўню карупцыі, павышэньня ўзроўню інвэстыцыяў і палітычнай стабільнасьці», — лічаць аўтары справаздачы.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Ўкраінская ССР была буйным вытворцам газу. На пачатку 50-х гадоў сыравіна з радовішчаў у Галічыне пастаўлялася нават у Маскву. У сярэдзіне 70-х гадоў здабыча вырасла да максымальнага ўзроўню — 68 млрд кубамэтраў у год (сёлета каля 12 млрд), што складала чацьвёртую частку газу, здабыванага ў СССР. Да 1990-х гадоў здабыча газу ва Ўкраіне рэзка скарацілася. Галоўныя прычыны: малыя інвэстыцыі, брак тэхналёгіяў, а таксама хуткасьць росту здабычы ў Заходняй Сыбіры, дзе радовішчы большыя і таньнейшыя ў эксплюатацыі.

80% пацьверджаных запасаў газу ва Ўкраіне знаходзіцца ў Харкаўскай і Палтаўскай абласьцях. Рэшта ў заходняй частцы краіны (13%), а таксама на шэльфе Чорнага і Азоўскага мораў (7%).

На пачатку 2019 году ва Ўкраіне заплянаваны першы міжнародны аўкцыён 50 новых ліцэнзіяў на здабычу газу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG