Патомны гісторык і краязнаўца, калекцыянэр і журналіст з Горадні Алесь Кіркевіч — пра палітычнае мінулае і грамадзка-актыўнае сёньня ў працяг праекту Свабоды «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».
Любоў да Беларусі, яе гісторыі, мовы і культуры ў гарадзенца Алеся Кіркевіча — сямейная традыцыя. Ягоны дзед і цёзка Аляксандар Кіркевіч — вядомы ў Горадні гісторык, краязнавец і букініст, бацькі — выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры.
«Дома велізарная бібліятэка — калі нешта праходзілі з гісторыі ці літаратуры, я браў і адразу прыносіў у школу на ўрок», — успамінае Алесь.
Перапыніў адукацыю гісторыка-археоляга на другім курсе Горадзенскага ўнівэрсытэту ў 2008 годзе з уласнай ініцыятывы. «Калі выкладчык чытае лекцыю з паперкі і кажа спачатку „Ніка...“ — перагортвае старонку і дачытвае „...рагуа“, то чаму мяне могуць там навучыць?», — тлумачыць Алесь. Факультэт гісторыі і археалёгіі Львоўскага ўнівэрсытэту ён пакінуў, «бо пачаўся Майдан».
19-гадовы Кіркевіч узначаліў «Малады фронт» у Горадні ў 2008 годзе. Сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага стаў падчас выбараў у 2010 году. У калядны вечар таго году быў затрыманы каля сьценаў турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску і зьняволены на 10 содняў адміністрацыйнага арышту — за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, якія прымалі ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году.
Ажаніўся пасьля выхаду з турмы ў студзені 2011 году. А праз тыдзень яго зноў затрымалі ў Горадні ды абвінавацілі ва ўдзеле ў так званых масавых беспарадках на плошчы Незалежнасьці.
Чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму — такі прысуд Алесю Кіркевічу вынесла судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску Ала Булаш. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
Алесь Кіркевіч. Партрэт на фоне кратаў
Сем месяцаў зьняволеньня адбываў у турме Наваполацку. Вызвалены ў верасьні 2011 паводле адпаведнага распараджэньня Лукашэнкі. У той жа месяц яго аштрафавалі за раздачу ўлётак пра «Маўклівыя акцыі пратэсту» ў Горадні.
Дыплём ляўрэата прэміі Францішка Аляхновіча за 2013 год Алесь Кіркевіч атрымаў за эсэ «Вясна. Анталія. Вялікдзень: Філасофія турэмнага дворыка» і кнігу «Няскончаная Адысея: Беларуская турма для пачынаючых». Піша вершы, малюе шаржы і карыкатуры.
Працаваў на чыгунцы, у рэклямнай агенцыі, цяпер — журналіст-фрылансэр. Займаецца археалёгіяй, калекцыянуе антыкварныя рарытэты беларускай даўніны, працуе з музэямі.
Разьведзены, жыве ў Горадні, часта бывае ў Менску. Удзелу ў палітычным жыцьці не прымае з 2012 году.
«Расчараваўся ў палітычных лідэрах»
— З партыяў і рухаў выйшлі, палітычную дзейнасьць спынілі. Прычына — рэпрэсіі?
— Не. Ня будзеш жа ў «Маладым фронце» да 30 гадоў заставацца. Але там мы прымалі прысягу на вернасьць Беларусі — любіць і служыць Радзіме. Прысязе я ня здрадзіў і па сёньня, думаю, што вялікая колькасьць моладзі, якая прайшла праз «Малады фронт», таксама служыць Беларусі — кожны на сваім месцы.
Адзіная праблема, што ад «Маладога фронту» не было наступнай прыступкі — партыі ці арганізацыі, якая магла б фармаваць больш дарослых людзей і дзе яны б пачуваліся на сваім месцы.
— Яшчэ вы былі сябрам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду». Усё роўна не пачуваліся на сваім месцы?
— Там я ня бачыў ня толькі свайго месца, але й сэнсу. Агулам гэта расчараваньне ў самім працэсе, у палітычных лідэрах — калі людзі размаўляюць штампамі і нейкімі палітычнымі мантрамі. Да прыкладу, зьвяртаесься простай чалавечай мовай, а табе адказваюць фразамі з выбарчай праграмы. Гэта несур’ёзна. Гэта не дае ні веры самому чалавеку, ні жаданьня зь ім размаўляць.
Сяброўства ў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі трымалася на харызьме Паўла Севярынца. А з руху «За свабоду» пайшоў праз год сяброўства — не знайшоў там ні жывой супольнасьці людзей, ні дзейнасьці.
Калі няма выніку, то які сэнс марнаваць час і чалавечы рэсурс. Пагатоў што ў нашай краіне няма нармальнай здаровай палітыкі.
Цяпер іншыя цікавасьці ды іншыя заняткі, якія даюць плён, а гэта вельмі важна. Бо калі няма выніку, то які сэнс марнаваць час і чалавечы рэсурс. Пагатоў што ў нашай краіне няма нармальнай здаровай палітыкі.
З году ў год прамаўляюцца тыя самыя лёзунгі, з году ў год людзі ідуць на вуліцы, садзяцца на «суткі», а пасьля купамі зьяжджаюць зь Беларусі. З гэтай «мясарубкі» па-рознаму выходзяць: хтосьці выкарыстоўвае як трамплін для выезду, хтосьці расчароўваецца і становіцца цалкам апалітычным, хтосьці займаецца асабістым жыцьцём. Таму я не хацеў бы сябе з усім гэтым асацыяваць, а тым больш прысьвячаць гэтаму частку свайго жыцьця.
«Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся»
— А што выезд для вас — спакуса ці ганьба?
— Я пэўны час жыў ва Ўкраіне, калі вучыўся ў Львове, некаторы час жыў у Польшчы. І ў абодвух выпадках гэта быў досьвед, які даў зразумець, што дзе б ты ні жыў — ты заўсёды там будзеш чужым. Усё роўна будзеш чытаць навіны беларускіх СМІ, праглядаць фэйсбук — застанецца заўсёдная туга.
Да асобы Зянона Пазьняка можна ставіцца па-рознаму — напрыклад, я стаўлюся крытычна. Але начамі ў сядзібе пад Львовам, дзе мы жылі зь дзяўчынай, я гартаў ягоную кнігу «Дарога», глядзеў фатаздымкі, чытаў вершы — і проста плакаў, настолькі мне было тужліва. І я прыняў рашэньне: усё ж быць тут, хоць на ўсё жыцьцё заракацца таксама ня варта. Гэта мая краіна: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». А каму не падабаецца — калі ласка, няхай зьяжджае.
— Палітычныя актывісты звычайна зьяжджаюць у выніку перасьледу. Вы таксама адбылі сем месяцаў турмы, а агулам былі асуджаныя на чатыры гады. На вас гэта ніяк не паўплывала?
У турме я пазнаёміўся зь Беларусьсю — ад шараговых міліцыянтаў да чыноўнікаў і бізнэсоўцаў.
— Гэта мела ўплыў, але, хутчэй, станоўчы: у турме я пазнаёміўся зь Беларусьсю — ад шараговых міліцыянтаў да чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. У адной з камэраў я сядзеў з двума ці трыма кадравымі міліцэйскімі падпалкоўнікамі. Магчыма, што мяне пасадзілі туды адмыслова, каб здарыўся канфлікт, але мы ў выніку пасябравалі.
Гэта было ў «амэрыканцы» КДБ, дзе напачатку дзейнічаў «рэжым узмацненьня». І вось аднаго з тых міліцыянтаў, а ён быў мажны такі, гэтая «маска» кінула проста ў сьцяну. Пасьля ён выходзіць у двор і кажа: «Цяпер я разумею, чаму „сямёнаўцы“ ў Грамадзянскую вайну чэкістам выразалі зоркі на ілбах».
А адзін зь сядзельцаў узгадваў, колькі празь ягоную камэру прайшло «палітычных». І, кажа, самы «прыкольны» зь іх Міхалевіч. Запытваю, чаму, а ён адказвае: гэта быў адзіны чалавек, які запытаўся маёй думкі. Усе астатнія толькі агітавалі і «задзьвігалі» лёзунгі.
Таму дзякуй Богу, што не чатыры гады турмы адбыў, але сем месяцаў. Пабачыў сыстэму знутры, якая вельмі неэфэктыўная, пазнаёміўся зь людзьмі і з самім сабой.
«Матолька, Пальчыс, Белавус больш папулярныя, чым палітыкі»
— Калі вы адышлі ад палітычнай дзейнасьці, то як тады трапілі ў начное здарэньне ў Курапатах летась увесну, калі на абаронцаў урочышча напалі невядомыя з кіямі і вам да крыві разьбілі галаву?
— У Курапаты я патрапіў перадусім як журналіст — меў пасьведчаньне, нататнік і ўвесь час пісаў. Але пасьля застаўся ўжо і як звычайны грамадзянін, бо мне гэта было важна. Альбо калі была ўся гэтая «Справа патрыётаў», то я таксама займаўся некаторымі арганізацыйнымі справамі.
Мне было б сорамна, каб я застаўся ўбаку, бо як бы я пасьля глядзеў гэтым людзям у вочы? Гэта значыць, што ты можаш жыць сваім жыцьцём, займацца сваімі справамі — журналістыкай ці чым яшчэ, але калі здараюцца нейкія крытычныя грамадзка-палітычныя сытуацыі, то ты проста ня можаш заставацца ўбаку.
Калі ты грамадзянін сваёй краіны, то пэўны адсотак свайго часу і, магчыма, сваіх фінансавых рэсурсаў маеш аддаваць на штосьці грамадзка-важнае.
І гэта не палітыка, а нармальная грамадзянская пазыцыя. Калі ты грамадзянін сваёй краіны, то пэўны адсотак свайго часу і, магчыма, сваіх фінансавых рэсурсаў маеш аддаваць на штосьці грамадзка-важнае. І няважна, ці ты «айцішнік» і на «Талацэ» спансаруеш нейкія праекты, альбо ты сьлесар і лічыш сваім абавязкам выйсьці на нейкую акцыю.
Мне падаецца, што гэта і ёсьць пазыцыя грамадзянскай супольнасьці, якая, на жаль, пакуль ня ёсьць агульнай нормай у нашай краіне.
— То ці ёсьць у нас шанец стаць такой «грамадзянскай супольнасьцю»?
— Вядома, ёсьць. Я пажыў ва Ўкраіне і вельмі люблю Ўкраіну, але мне падаецца, што ў нас гэтага шанцу больш. Там грамадзтва больш падзелена і там больш хаатычнасьці. У Беларусі людзі больш схільныя да парадку. Але калі чалавек распачынае нейкі свой бізнэс, плаціць падатак, а пасьля яго арыштоўваюць і ўсё разбураюць, то ў такіх выпадках я разумею і абыякавасьць людзей, і тое, што яны зьяжджаюць з краіны.
Сілавікі бачаць, што моцных палітычных партыяў у нас няма, а фанацкі рух — ёсьць
У дзяржаве мае быць перабудаваная судовая сыстэма і сыстэма арганізацыі эканомікі, каб людзі захацелі тут жыць і «ўкладвацца». Адначасна зьменіцца ў людзей стаўленьне і да дзяржавы, і да грамадзтва. А ў нас, на жаль, пакуль што наадварот — ідзе ціск на кожную праяву грамадзянскай супольнасьці. Напрыклад, паглядзіце, які цяпер прэсінг перажываюць футбольныя фанаты. А плякаты і білборды «Я люблю Беларусь» — гэта прыгожа, вядома, але імі нічога ня зьменіш. Фанацкі рух — гэта сіла, дзе і калі яна можа «стрэліць» — невядома.
— Але навошта сілавікам спатрэбіліся футбольныя фанаты?
— Праз падзеі ва Ўкраіне. Бо менавіта футбольныя фанаты былі адной з асноўных сілаў на Майдане: структураваныя, арганізаваныя і з добрай фізычнай падрыхтоўкай. Думаю, што для нашых сілавікоў Майдан таксама стаў добрым досьведам. Яны бачаць, што моцных палітычных партыяў у нас няма, а фанацкі рух — ёсьць.
Футбольныя фаны, да прыкладу, апалітычныя, размаўляюць па-расейску, але маюць цішоткі і шалікі з нацыянальнымі сымбалямі, шануюць «Пагоню», нацыянальныя сьвяты і нацыянальных герояў. Бо яны выяжджаюць за мяжу, а там, да прыкладу, ва Ўкраіне ці Польшчы, фанаты страшэнна патрыятычныя. Ну і нашым сорамна ня быць патрыётамі сваёй радзімы — многія менавіта гэтак і прыйшлі да беларушчыны. Вось таму і распачалі прэвэнтыўную «зачыстку» фанацкіх груповак.
Менавіта з гэтай пазыцыі можна разглядаць справу Ільлі Валавіка, які атрымаў 10 гадоў зьняволеньня — выпадак проста вусьцішны. Бо ён — вернік і спартовец, які займаўся тайскім боксам і зьбіраў вакол сябе моладзь, якая таксама займалася спортам, а не «бухала» на раёне.
Хочацца верыць, што ў краіне штосьці зьмяняецца да лепшага. Але калі раптам бачыш падобныя справы, калі замест падтрымкі і дапамогі грамадзкім ініцыятывам, скіраваным на працу з моладзьдзю, узьнікаюць справы, падобныя справе Валавіка ці «Справе патрыётаў», то разумееш, што вэктар працы сілавых структураў і судоў у Беларусі застаецца нязьменным. А бязь зьменаў нічога лепшага ў краіне не адбудзецца.
— Тады якая сіла можа стаць патэнцыйным «лякаматывам», які пацягне зьмены ў нашай краіне?
Палітычныя структуры — «ні пра што», якія скіраваныя хіба што на ўласнае выжываньне.
— Прынамсі, у палітычных структураў няма аніякага патэнцыялу. Гэтыя структуры «ні пра што», якія скіраваныя хіба што на ўласнае выжываньне. Каб «адбіць» свае офісы і хоць бы захаваць колькасьць чальцоў.
Хто ці што можа стаць гэтым рухавіком да зьменаў? Моладзь. Калі бачыш «айцішнікаў», якія рэальна скідваюцца на Дзень Волі. Калі бачыш у мэтро групу моладзі ў нацыянальнай вопратцы... Гэта вельмі пэрспэктыўна. Ці тая ж «сьвятая тройца» Матолька, Пальчыс, Белавус — яны не заангажаваныя наўпрост у палітыку, але рэальна больш папулярныя, чым палітыкі. Якая палітычная партыя здольная сабраць грошы на сьвяткаваньне, як сёлета на 100-годзьдзе БНР? А яны сабралі, за іх «прагаласавалі рублём» — значыць, ім давяраюць.
Ну а палітыкі зь вечным хаджэньнем па вуліцах — гэта ўжо мінулае стагодзьдзе. Тое, што Статкевіч яшчэ кагосьці выцягвае, — гэта ўжо рэтраспэктыва. Я не ўяўляю падобны варыянт зьменаў.
«Не хадзіць жа толькі па барах на Зыбіцкай»
— Добра, а якія «цікавыя і плённыя заняткі» па-за палітыкай вам цікавыя?
— Валянтэрскія летнікі, якія мы другі год ладзім са старшынём Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам. Гэта выезды, археалёгія, упарадкаваньне шляхоцкіх маёнткаў, сядзібаў і паркаў, праца з моладзьдзю — і гэта крута. Апошні такі летнік адбыўся ў жніўні ў Шчорсах. Прыбіралі былы гаспадарчы двор і парк Храптовічаў — высякалі хмызьняк, палілі сухастой.
Альбо, да прыкладу, раскопкі курганоў у Наўрах на Мядзельшчыне. Натуральна, археолягу, які там працуе, патрэбныя памочнікі. Таму, едучы туды, мы дапамагаем і навуцы, і моладзі, якая адкрывае для сябе Беларусь. Бо калі чалавек сваімі рукамі адкапае старажытную кераміку ці патрымае ў руках мэталічную аздобу, то гэтая гісторыя ўспрымаецца ўжо зусім інакш, чым праз канал Discovery, — ня штосьці чужое і далёкае, а сваё, што побач твайго жыцьця.
Калі чалавек сваімі рукамі адкапае старажытную кераміку, то гэтая гісторыя ўспрымаецца ўжо зусім інакш, чым праз канал Discovery.
Ці як я казаў сёлетнім валянтэрам-студэнтам у Шчорсах: некалі вы прыедзеце сюды са сваімі сем’ямі і дзецьмі, калі тут усё будзе выглядаць зусім інакш, і скажаце ім: я таксама спрычыніўся да аднаўленьня гэтай сядзібы. Гэта і ёсьць стваральная праца, якая сапраўды прыносіць карысьць, і якой не займаецца ані дзяржава са сваімі БРСМамі, ані апазыцыйныя структуры. Таму я знайшоў свой фармат — як бальзам на душу. І на гэтую працу мне не шкада ані часу, ані рэсурсаў. Сярод удзельнікаў нашых летнікаў — студэнты, працоўная моладзь, «айцішнікі», сямейныя людзі. І многія ўжо чакаюць лета, каб ізноў ехаць зь летнікам. Бо ты спазнаеш і сябе, і Беларусь, і новых сяброў. Не хадзіць жа толькі па барах на Зыбіцкай.
— Гэта, можна сказаць, вашае хобі, а «хлеб» — гэта журналістыка?
— Так. Працую журналістам-фрылансэрам на розныя мэдыя — ад «Нашай Нівы» да «Будзьма беларусамі». Зараз буду маляваць комікс для часопіса «Наша гісторыя».
Жыву «на два дамы»: збольшага ў Горадні, у Менску бываю па працы.
«Можна бясконца казаць, што ў нас музэі бедныя, а можна ім дапамагчы»
— Ці пачуваеце вы сябе зрэалізаваным, ці яшчэ ёсьць такія пляны і мары, якім наканавана збыцца?
— Пляны і мары будуць, пакуль я жывы. Але і сёньня цешуся тым, чым займаюся ў складзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Цяпер мы выкупілі школу, дзе вучыўся Васіль Быкаў, і вельмі спадзяемся, што з часам там паўстане грамадзка-культурны цэнтар. Таксама спадзяемся выкупіць дом у Шчорсах, каб там была свая база, дзе можна праводзіць летнікі. Мне падаецца гэта вельмі пэрспэктыўным, бо мы падтрымліваем кантакты з нашчадкамі Храптовічаў, якія жывуць у ЗША. Паспрабуем іх заахвоціць аднавіць Шчорсы, бо гэта іхная спадчына.
Таксама ў рамках Таварыства маем кампанію «Вяртаем спадчыну» — вяртаньне рарытэтаў у музэі Беларусі. Я заўсёды цікавіўся антыкварыятам, сам букініст і калекцыянэр — зьбіраю фатаздымкі і рарытэты Другой усясьветнай вайны. Раней сабраў калекцыю беларускай букіністыкі — улёткі, фатаздымкі — усё даваенная беларушчына. Усё гэта я перадаў у Архіў-музэй літаратуры і мастацтва на плошчы Свабоды ў Менску, а частку — у Горадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. Нядаўна, напрыклад, выкупілі частку архіву навучэнкі Віленскай гімназіі. І ўсё гэта — па-беларуску.
Я гэта ўсё распачаў адзін, але далучаюцца таксама іншыя людзі. Да прыкладу, Міраслаў Лазоўскі — ён апантаны вайсковай гісторыяй. Разам мы выкуплялі артэфакты «напалеонікі» — вайны 1812 году — і перадалі ў Нацыянальны гістарычны музэй. Бо гэтыя гістарычныя рэчы маюць належаць нацыі. Можна бясконца казаць, што ў нас музэі бедныя, а можна ім дапамагчы.
— І гэта вы робіце за свае ўласныя сродкі?
— Так, хоць, вядома, спадзяемся, што гэта перарасьце ў агульнанацыянальную кампанію з пляцоўкай дзе-небудзь на «Талацэ». Бо калі, скажам, ёсьць нейкая каштоўная рэч на тысячы даляраў — зразумела, мы яе не «падымем». А калі скінуцца, то можна такую гістарычную каштоўнасьць вярнуць у Беларусь.
Цяпер, да прыкладу, за мяжой ёсьць Мсьціслаўскае Эвангельле ў прыватнай уласнасьці. І гэты чалавек хоча за яго атрымаць восем тысяч даляраў. І я хацеў бы пачаць зь ім перамовы, каб выкупіць і вярнуць у Беларусь. У гэтым я бачу сэнс, бо такое застаецца. Менавіта такімі праектамі мне хацелася б займацца, бо гэта і ёсьць — пра Беларусь.
— Вы пачуваецеся шчасьлівым?
— Шчасьце — гэта кароткая эмоцыя. Ты сядзіш каля вогнішча, глядзіш, як сыплюцца іскрынкі — і ты шчасьлівы. Ты сядзіш у намёце, а па ім дождж б’е — і гэта шчасьце. Альбо ляжыш на сеньніку і чуеш, як яблыкі падаюць напрыканцы жніўня — і гэта шчасьце. І Беларусь дае вось такія кароткія моманты шчасьця.
Я шчасьлівы, што не застаўся вечным валянтэрам, каб расклейваць улёткі ці зьбіраць подпісы, а пасьля «з барскага пляча» атрымаць паездку на сэмінар у нейкую краіну. Шчасьлівы, што ня стаў вечным прафэсійным палітыкам у гарнітуры, які палову месяца ёсьць у Стакгольме, палову ў Брусэлі, а на выходныя яшчэ і ў Беларусь прыяжджае, каб тут пафоткацца, як ён зьбірае подпісы за што-небудзь. Гэта шлях у нікуды, і гэта проста дэградацыя.
Пяць пытаньняў Свабоды
— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта....?
— Гэта стваральная праца, а таксама любоў да свайго. Нацыянальная ідэя — гэта ідэя дому і ідэя сям’і. Гэты дом трэба спачатку збудаваць, а пасьля абараніць. І пасьля гэтую ідэю з асабістага дому і сям’і перанесьці на свой горад, на свой рэгіён і на сваю краіну.
— Назавіце трох нацыянальных героеў Беларусі?
— Станіслаў Булак-Балаховіч, Міхал Вітушка, Язэп Драздовіч.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— «Вайна ў натоўпе» Дзьмітра Карчынскага.
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Залежыць ад таго, у якой краіне ты жывеш. Калі ва Ўкраіне, то менш, калі ў Беларусі — больш, у Польшчы — яшчэ больш. Няма такой сумы, і агулам — грашыма шчасьце не вымяраецца.
— Як і калі ў Беларусі зьменіцца ўлада?
— Цяпер лічу, што гэта будзе шлях Гішпаніі і Франка — гэта значыць перадача ўлады маладым і талковым мэнэджэрам. Але гэта момант эвалюцыі, а не рэвалюцыі. Гэта пазытыўны варыянт. Нэгатыўны варыянт — гэта ўмяшаньне Расеі, і тады акурат будзе варыянт рэвалюцыі, акупацыі, анэксіі... Мне перадусім бачыцца пазытыў: перадача ўлады і павольная, павольная эвалюцыя.