Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі ў Менску ўключаць ацяпленьне


Ацяпленьне на аб’ектах сацыяльнай сфэры Менску (у дзіцячых садках, школах, бальніцах) пачнуць уключаць з 28 верасьня.

Адпаведнае рашэньне прыняў Менгарвыканкам, улічваючы неспрыяльны прагноз надвор’я, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Менгарвыканкаму.

З 1 кастрычніка пацяплее ў жылых дамах, інтэрнатах, гатэлях, басэйнах, лазьнях, навучальных установах, тэатрах.

Ацяпленьне будуць уключаць паступова, у жылых дамах яго мусяць цалкам уключыць на працягу чатырох-пяці дзён, у адміністрацыйных будынках — у апошнюю чаргу.

Пры тэмпэратурах паветра вышэй за 10 градусаў ацяпленьне памяшканьняў будуць пераводзіць у рэжым прапальваньня (калі ў радыятары ацяпленьня падаюць гарачую ваду меншай тэмпэратуры і пад нізкім ціскам — рэд.), а пры стабільным павышэньні сярэднесутачнай тэмпэратуры — адключаць.

Паводле прагнозу надвор’я ад сыноптыкаў Белгідрамэтэацэнтру, 28 верасьня па Беларусі мінімальная тэмпэратура паветра ўначы будзе +6 .. + 12 °С, максымальная — у сярэдзіне дня +13 .. + 18 °С.

29 верасьня пахаладае, ноччу і раніцай магчымы мокры сьнег і замаразкі да −2 ° С (па паўночным усходзе Беларусі), у цэлым па краіне ўначы будзе каля +1 .. + 8 °С, удзень +7 .. + 13 °С. 30 верасьня ноччу на большай частцы Беларусі пройдуць замаразкі да 0 ..- 4 ° С, максымальная тэмпэратура днём +8 .. + 15 °С.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG